Релігійныя суполкі

 ~Легіён Марыі:

гэта самая вялікая апостальская арганізацыя свецкіх католікаў, якая дзейнічае практычна ў кожнай краіне свету і налічвае больш за 3 млн. актыўных і каля 10 млн. дапаможных легіянераў. Легіён Марыі мае на мэце абвяшчэнне хвалы Божай і імкненне да асабістай святасці праз малітву і апостальскую працу…У Беларусі гэты рух пачаў дзейнасць з 1994 года і зараз працуе ў шматлікіх гарадах. Легіянеры наведваюць бальніцы, скверы, вакзал, студэнцкія інтэрнаты, дом састарэлых, абортныя аддзяленні бальніц, ратуючы самых маленькіх і самых безабаронных, а таксама дапамагаючы пры парафіі. Пры наведваннях яны гавораць аб важнасці духоўнага жыцця, прымання Святых Сакрамантаў, распаўсюджваюць каталіцкую літаратуру, медальёны Маці Божай. Трымаючыся Беззаганнай Маці і наследуючы яе пакору, легіянер ідзе з ею на заданне, каб прывесці кожную душу да Хрыста. Ідзе да хворых, каб падрыхтаваць шлях святару, які прынясе Езуса ў Святой Камуніі, разам з іншымі легіянерамі наведвае духоўна занядбаных парафіянаў. Можна смела казаць, што праз заступніцтва Яна Хрысціцеля ( аднаго з апекуноў Легіёну Марыі ) яна прастуюць сцежкі для Пана…

~Жывы Ружанец :

 гэта супольнасць людзей, у склад якой уваходзіць не менш за 20 чалавек, якія штодзённа на працягу месяца моляцца Ружанец: кожная асоба чытае адну таямніцу. Гэтыя супольнасці часта называюць «Ружамі». Таварыства Жывога Ружанца было заснаванае Палінай Жарыко ў Францыі ў 1826 годзе.

Супольнасць Жывога Ружанца сустракаецца раз на месяц на супольнай малітве, на змене ружанцовых таямніцаў, і звычайна падчас гэтай сустрэчы выслухоўвае хаця б кароценькія духоўныя і апостальскія настаўленні душпастыра. Такая рытмічнасць сустрэчаў гарантуе і забяспечвае добры стан духоўнага жыцця ўсяго Таварыства Жывога Ружанца. Жывы Ружанец «дыхае праўдамі веры», яго члены стараюцца не толькі маліцца за іншых ва ўсіх інтэнцыях Касцёла і асабістых інтэнцыях, але вучацца перажываць сваё жыццё, захоўваючы вернасць Богу. Яны таксама далучаюцца да апостальскай дзейнасці мясцовага Касцёла. У многіх парафіях Таварыства Жывога Ружанца ўяўляе сабой групу людзей, заўсёды гатовых прыйсці на дапамогу, людзей, якія маюць духоўны вопыт, якія могуць прысвячаць свой час, сваё здароўе і свае сілы для дабра супольнасці веруючых, не чакаючы за гэта ніякай грашовай узнагароды.

~Апостальства дапамогі душам чыстцовым (АДДЧ):

 арганізаваная форма апостальства Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чыстцовым, якую заснавалі ў 1889 г. у Закрочыме.

Словам Божым, якое вельмі выразна праяўляецца праз дзейнасць Апостальства, з’яўляецца пасланне Езуса пра ўваскрасенне і вечнае жыццё для тых, хто верыць у Яго. Праз сваё пакліканне несці дапамогу душам чыстцовым сябры АДДЧ — гэта апосталы веры ў несмяротнасць душы, у магчымасць ачышчэння пасля смерці, ва ўваскрашэнне і вечнае жыццё. Малітваю, клопатам пра вечнае шчасце для памерлага, заахвочваннем да прабачэння памерламу яго правінаў сябры АДДЧ абвяшчаюць, што Езус — наша ўваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Яго, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Яго, не памрэ ніколі (пар. Ян 11, 25–26).

 Дадатковаюпадтрымкаю на шляху веры і сведчання пра вечнае жыццё з’яўляецца прыналежнасць да духоўнай сям’і Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чыстцовым, якая ўжо на працягу 125 гадоў рэалізуе ў Касцёле харызму аказання дапамогі памерлым, што церпяць у чыстцы, на аснове Канстытуцый, зацверджаных Апостальскаю Сталіцаю.

~Апостальскі рух МАРГАРЫТКА :

гэта рух  па развіццю малітвы за святароў. У Польшчы ён паўстаў у красавіку 2009 года ў адказ на зацікаўленасць верных гэтай формай малітвы. Сутнасцю Апостальства МАРГАРЫТКА з’яўляецца малітва за канкрэтных святароў, як адказ на просьбу Марыі Каралевы Свету.

Важным з’яўляецца тое, каб справа Апостальства МАРГАРЫТКА была перш за ўсё добрай школай жыцця з Богам і каб яно было ацэнена святарамі і прапанавана вернікам, каб працягваўся дар няспыннай малітвы.

У аснове духоўнасці Апостальства важнае гэта распаўсюд пераканання, што кожны хрысціянін пакліканы ды святасці і супрацоўніцтва з Хрыстом. Адметнымі рысамі Апостальства членаў МАРГАРЫТКА павінны быць: імкненне ды святасці, асабістае сведчанне ў паўсядзенным жыцці і няспынная малітва за святароў па прыкладу Марыі. Члены апостальства будуць згадваць у сваіх малітвах таксама духоўных асоб, а таксама ва ўзаемадзеянні з іншымі рухамі будуць старанна маліцца за новыя, шматлікія пакліканні ды святарства, манаства, таксама да місіянерства і  працы ў шпіталі.

~Духоўнае ўсынаўленне:

 25 сакавіка — урачыстасць Звеставання Пана. «У гэты дзень і ластаўка гнязда не віе…» — кажа беларускі народ, адзначаючы веліч гэтага свята. Гэты ж дзень Касцёл прызначыў і днём, калі кожны вернік можа распачаць асаблівую малітву за ненароджанае жыццё — акт духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці.

Гэты акт заключаецца ў тым, што чалавек дае абяцанне на працягу дзевяці месяцаў маліцца за адно зачатае дзіця, каб яно змагло з’явіцца на свет, а не стала ахвяраю аборту.

Калі вернік жадае далучыцца да Руху малітоўнага духоўнага ўсынаўлення, то разам з гэтым павінен будзе прыняць некаторыя абавязкі, якія заключаюцца ў спецыяльнай штодзённай малітве ў інтэнцыі духоўна ўсыноўленага дзіцяці. Гэтую малітву прынята распачынаць менавіта на Звеставанне Пана, але да яе вернік можа далучыцца і ў іншы час.

Яна складаецца з адной таямніцы Ружанца, спецыяльнай малітвы, якую вернікі атрымаюць ад сваіх душпастыраў, a таксама дабравольна распачатых дадатковых рэлігійных практык (напр., пост, св. Камунія, дапамога тым, хто мае патрэбу, барацьба з дрэннымі звычкамі і г. д.).

~Рух” Маці ў малітве”:

распаўсюджаны ва ўсім свеце. Яго дэвіз — «Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Мэта руху — усведамленне кожнай маці свайго мацярынскага паклікання праз малітву, бязмежны давер да Бога і даручэнне дзіцяці Яго абароне.

Маці перш за ўсё павінна быць удзячная Богу Створцы за дар мацярынства. У гэтым сваім пакліканні і заданні маці не застаецца адна, бо яна — толькі часовы апякун душы свайго дзіцяці. Усе маці павінны ўсвядоміць, што Езус любіць іх дзяцей нават больш, чым яны самі, што Ён жадае абараніць іх і хоча, каб яны ўзрасталі ў Ім. Пан Бог умешваецца толькі тады, калі Яго просяць аб гэтым, і таму чакае мацярынскага заступніцтва за дзяцей. Молячыся за сваё дзіця, маці павінна паспрабаваць зразумець, чаго хоча для яе дзіцяці Бог, і маліцца аб здзяйсненні Божай, а не сваёй уласнай волі адносна дзіцяці. Гэта вельмі цяжкая малітва, бо кожнай маці напачатку здаецца, што толькі яна ведае, у чым мае патрэбу яе дзіця.