«Таньчым на хвалу Божую». У бабруйскай парафіі прайшоў 4 Калядны баль

1556

Ужо па традыцыі, баль праводзіцца на свята Аб’яўлення Пана, ці Трох каралёў.

Як і летась, праводзіла баль сям’я Валаховічаў з Магілёва.

Гэтым разам імпрэза праходзіла ў фітнэс-клубе «Дняпровец». Мерапрыемства было запланаванае на тры гадзіны, ад 16-й да 19-й. Але разыходзіліся ўсе а 22-й, і нават гэтага часу падалося мала.

Напрыканцы баля вядучая Галіна Паўленка абвесціла пераможцаў у некалькіх намінацыях.
«Самай стылёвай парай» стала сям’я Сямёнавых. У намінацыі «Самая вясёлая пара» перамагла сям’я Вашчыла з Клічава. А «самай стараннай» выбралі сям’ю Давыдзенка.

 

«Сёлета баль быў нейкім асаблівым, не проста сужэнскім, а па-сапраўднаму сямейным, бо з намі былі нашыя дзеці — падзялілася ўражаннямі Галіна Паўленка. — Было запланавана, што першую класічную частку дзеці правядуць у гульнявым пакоі з сястрой Наталляй, а вось на час другой далучацца да дарослых.  Але так атрымалася, што дзеці ад пачатку таньчылі з намі. Файна, што ў нас атрымалася вырваць са штодзённай мітусні мінуты для таго, каб пабыць з сям’ёй і сябрамі».