28 красавіка 2016 года нас наведаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB

1658

У касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Бабруйску віталі дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB.


На долю касцёла ў Бабруйску выпаў нялёгкі лёс. Але, знішчаючы храмы і вернікаў, богаваяўнічая ўлада не змагла перамагчы самае галоўнае – веру ў сэрцах адданых. І на камянях па Міласці Божай растуць кветкі…Кветкамі сустракалі высокага госця ў Бабруйску. Гэта – дзяўчаткі, якія віталі ксяндза-біскупа, дорачы яму ў танцы сваю дзяцячую радасць.

Нягледзячы на працоўны дзень, у касцёле было шматлюдна: кожны хацеў убачыць і пачуць свайго пастыра, раскрыць яму сваё сэрца.
А пачалася візітацыя 28 красавіка 2016 г. сустрэчай з моладдзю. Падчас сустрэчы біскуп узгадаў словы Св. Яна Паўла ІІ:»Моладзь – надзея мая. Вы – будучыня свету, надзея Касцёла, мая надзея”. Сапраўды, моладзь — гэта новае пакаленне, якое павінна дзяліцца радасцю, любоўю, што дарыць нам Езус. У размове з біскупам хлопцы ды дзяўчаты «пабудавалі» тры прыступкі да дасягнення вялікай веры праз малыя, на першы погляд, рэчы: 1). Адказнасць за свае словы і ўчынкі; 2). Пакора; 3). Мудрасць. Кожны знайшоў нешта сваё і захаваў плёны ў сваім сэрцы. На прыканцы сустрэчы моладзь падзякавала за шчырую размову з біскупам Аляксандрам Яшэўскім і падаравала торт, які потым усе разам і спажылі.

У пятніцу 29 красавіка адбылася сустрэча з гарадскімі уладамі. Бабруйскі прыход сення налічвае больш за 2 000 вернікаў. Немалаважна тое, што гэтыя каталікі практыкуюць сваю веру!  «8 снежня, ва ўрачыстасць  Беззаганнага зачацця Панны Марыі  я ўпершыню наведаў Бабруйск, служба была вячэрняя. Будні дзень, але храм поўны людзей! Перад святам Вялікадня я таксама наведаў Бабруйск, каб павіншаваць вернікаў, пробашча парафіі – ксяндза Андрэя, і вы ведаеце – храм зноў быў поўны. Таму для мяне радасць, што бабруйскія каталікі з’яўляюцца практыкуючымі ў рымска-каталіцкай царкве на Магілёўшчыне», — падкрэсліў біскуп у размове са старшынёй гарвыканкама. “Гэта сяброўскі, культурны візіт да свецкай улады, якая тут клапоціцца аб людзях. Падкрэслю – у нас няма чужых людзей, усе нашы людзі, у тым ліку на ўзроўні дзяржавы. Усе мы імкнемся прынесці карысць нашаму беларускаму народу.  Гэты  візіт – з мэтай пазнаеміцца, прадставіцца і, вядома ж, мы не маглі не закрануць тэму нашага каталіцкага храма Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, таму што ў дадзенай сітуацыі хочацца вярнуць той лад і прыгажосць, якія былі ля храма раней. Спадзяюся, з Божай дапамогай і добразычлівасцю людзей мы будзем ісці наперад, — рэзюмаваў  ксёндз-біскуп Аляксандр.

Сустракаўся ксёндз-біскуп Аляксандр і з праваслаўным біскупам Бабруйскім і Быхаўскім Серафімам. Цяпер, як ніколі, хрысціяне павінны быць разам, разам маліцца і пераадольваць усе цяжкасці  сучаснага свету.
Але галоўнай мэтай візітацыі стала сустрэча з вернікамі: дзеткамі і іх бацькамі, моладдзю, старэйшымі парафіянамі.

Спаткаўся ксёндз-біскуп таксама і з парафіяльным камітэтам, і з малітоўнымі суполкамі. А напрыканцы візітацыі – 30 красавіка – вернікі развіталіся з дарагім госцем і ад усяго сэрца пажадалі яму сілы і цярплівасці на гэтым нялёгкім шляху, на які яго паклікаў Пан Бог.