Вось зноў мы з вамі ўступілі ў перыяд Адвэнту – радаснага чакання Божага Нараджэння. Гэты чатырохтыднёвы час прызначаны для годнай падрыхтоўкі вернікаў да прыняцця нованароджанага Дзіцяці Езуса.
Лацінскае слова “Адвэнт” азначае “Прыйсце”. Прыход Бога на зямлю чакаўся, быў жаданы, вымалены смуткам і цярпеннем усяго свету на працягу чатырох тысяч гадоў. Гэта была надзвычайная падзея, дар з дароў, вялікая справа Божай усемагутнасці і літасці. Без гэтага прыйсця свет падаў бы ў бездань вечнай смерці з панылых абрываў роспачы.
Адвэнт бярэ пачатак з першых стагоддзяў хрысціянства. Раней яго адзначалі ў строгім посце, чуванні і малітве. Гэта павінна натхніць шчырым жаданнем адрадзіцца ў Езусе Хрысце, цалкам прысвяціць сябе Богу, падрыхтавацца да Яго чаканай ласкі.
Гэта вельмі прыгожы час! Душа напоўнена трапяткімі пачуццямі. Можа, у клопаце і мітусні будняў мы і забываемся, што вось-вось, зусім хутка, народзіцца маленькае Дзіцятка, але верце – наша душа гэтага ніколі не забывае! І нават, калі мы не дазваляем сваёй душы нагадваць аб гэтым Цудзе, калі-некалі ўсё ж прыслухайцеся: нашае сэрца б’ецца ў гэтыя дні інакш, крыху хутчэй, бо яно – ведае…
Пастарайцеся час Адвэнту прысвяціць малітве і дапамозе сваім блізкім. Адкладзіце шумныя забавы, неабавязковыя клопаты, пабудзьце сам-насам з Езусам, адчуйце дотыу крылаў нябесных анёлаў. Прыслухайцеся да сваёй душы. І тады вы лепш зразумееце сваіх дзяцей і бацькоў, сяброў і начальнікаў, жабракоў і знямоглых.
Прыкладзіце палец да вуснаў – …чшшш.., хутка народзіцца Немаўлятка. Хай ваша душа стане для яго утульнай калыскай! Падрыхтуйце яе для Дзіцяткі: засцяліце чыстай бялізнай, адмытай ад грахоў, разгладзьце зморшчыны нядобрых жаданняў, пакладзіце мяккую падушачку добрых справаў і коўдрачку міласэрнасці. А потым спытайцеся ў свайго сэрца: ці гатова яно да прыходу Бога? На самой справе – ці гатова?…
Ваша радаснае чаканне абавязкова будзе ўзнагароджана блізкім ужо святам. Ад усёй душы жадаю, каб яно было для ўсіх вас вясёлае і прыгожае!