Бабруйскае ўвасабленне Будслаўскай Багародзіцы

176

Нястомнай, пакорлівай і велічнай хадой, Маці Божая ідзе па Беларусі, рупіцца справамі паўсюднага Касцёла ў нашым Краі, прысутнічае ў сваіх незьлічоных ласках у жыцці кожнага з нас. І штораз нанова паўстае перад намі ў сваім харастве, часам у вельмі нечакана-захапляльным выглядзе.

Алтар Маці Божай Будслаўскай

Натхніўшыся ідэяй аднаўлення бочных алтароў, былы пробашч бабруйскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Юры Быкаў разумеў, што ў напаўзнявечанай бабруйскай святыні мусіць з’явіцца штосьці адметнае і вартаснае, спалучанае з традыцыяй, але ў сучасным выглядзе… Калісьці, у першастворным касцёле, гэтыя алтары былі прысвечаны абразам: Маці Божай Вострабрамскай і Сэрцу Пана Езуса. Цяпер жа Провід Божы скіраваў памкненні святара на тое, каб у Бабруйску быў ушанаваны абраз Маці Божай Будслаўскай. Было вырашана пабудаваць драўляныя алтары ў адпаведным святыні неагатычным стылі, і ўсталяваць у першым алтары … фігуру, так, менавіта фігуру, Маці Божай Будслаўскай. Для выканання гэтай складанай і незвычайнай задачы, ксёндз Юры звярнуся да майстра рязьбярскай справы сп. Казіміра Місюры, з Воранава. А выраб саміх алтароў замовілі ў бабруйчаніна Аляксандра Нікіфарава. Руплівасць з пабудовай алтароў ксяндза Юрыя Быкава годна пераняў новы пробашч парафіі ксёндз Андрэй Яркавец.

І вось, амаль трохгадовая, гісторыя з пабудовай алтара прысвечанага Будслаўскай Мадонне, у сваім завершаным выглядзе займела далейшую, ужо сакральную, гісторыю служэння Богу, Касцёлу і людзям. 14 чэрвеня 2015 года, на ўрачыстую святую Імшу, з нагоды асвячэння новага алтара, прыбыў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Эксцэленцыя ксёндз Юры Касабуцкі. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі Магілёўскі дэкан кс. Юры Быкаў, пробашч парафіі кс. Андрэй Яркавец, якім асіставаў дыякан Мікалай Глекаў. Усе прысутныя і вернікі, і святары не ўтойвалі свайго захаплення прыгожым алтаром і новым, аб’ёмным увасабленнем фігуры Маці Божай Будслаўскай. Па Імшы ксёндз біскуп Юры асвяціў новы алтар, выказаўшы словы надзеі, што Будслаўская Багародзіца, стаўшы і “Бабруйскай”, паспрыяе далейшаму ўмацаванню веры і развіццю рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі і каталіцкай парафіі ў Бабруйску.

Вядома, хаця асноўным клопатам бабруйскіх вернікаў застаецца справа аднаўлення фасаду святыні, але пабудова другога бочнага алтара таксама будзе працягвацца. Ну а на сёння – дзякуй Богу і ўсім, хто спрычыніўся з’яўленню ў бабруйскім касцёле твору веры і мастацтва — алтара з фігурай Маці Божай Будслаўскай.

Віктар Маліноўскі, парафіянін.