Дакументальная стужка «Рэпрэсаваная архітэктура» здымалася да 150-годдзя гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, якое адзначалася летась. У Бабруйск яе прывезлі і паказалі наўпрост у касцёле аўтары – архітэктар Сяргей Ляпін і рэжысёрка Марыя Булавінская.
Нэаготыка спалучылася з мадэрнам
Пра тое, што менавіта Шабунеўскі спраектаваў бабруйскі касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, аўтарам фільма стала вядома выпадкова падчас вывучэння гістарычных крыніц цягам працы над стужкай.
Але Сяргей Ляпін распавядае, што як толькі пабачыў бабруйскі касцёл, не сумняваўся, што спраектаваў яго Шабунеўскі. Пазней знайшліся дакументальныя доказы, якія сведчылі, што менавіта гомельскі дойлід пабудаваў на пачатку ХХ стагоддзя ў Бабруйску бажніцу на сродкі парафіян. Сам Шабунеўскі за сваю працу грошай не ўзяў.
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі вылучаецца сярод дзесяткаў іншых нэагатычных храмаў пабудаваных у Беларусі напрыканцы ХІХ – у пачатку ХХ стагоддзяў, сцвярджае Сяргей Ляпін.
«Ён мае ў сабе рысы мадэрну, што адрознівае яго ад падобных храмаў, – распавёў гомельскі архітэктар. – У тыя часы, сто гадоў таму, у нейкі перыяд звычайная псеўдаготыка зрабілася нямоднай, бо паўтаралася ад касцёла да касцёла, што тады будаваліся. У бабруйскім храме Шабунеўскі паспрабаваў перагледзець нэагатычную архітэктуру, увесці новыя пластычныя прыёмы, элементы мадэрну».
Акрамя, фасад бабруйскай каталіцкай святыні быў стылістычна падобны да віленскага касцёла Святой Ганны (той самы, які Напалеон хацеў на далоні перанесці ў Парыж), зазначыў Сяргей Ляпін.
Каб паказаць, наколькі шыкоўным быў першапачатковы выгляд касцёла, аўтары выкарысталі ў фільме 3d-візуалізацыю святыні. Распрацавалі яе гомельцы, брат з сястрой, архітэктары Дзмітрый і Ганна Башмак. Пасля прэзентацыі фільма яны паказалі некалькі 3d-рэканструкцый таго, як мог бы выглядаць бабруйскі касцёл з вежай і ў іншым атачэнні, распавялі, як ствараліся гэтыя выявы.
Што яшчэ звязвала Станіслава Шабунеўскага з Бабруйскам?
Сяргей Ляпін мяркуе, што акрамя касцёла, Станіслаў Шабунеўскі спраектаваў у Бабруйску яшчэ і будынак, у якім сёння месціцца краязнаўчы музей. Прынамсі, рысамі дом вельмі падобны да стыля славутага гомельскага архітэктара.
З Бабруйскам звязанае дзяцінства архітэктара. Нарадзіўся Шабунеўскі ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці, 2 снежня 1868 года. У нашым горадзе ён вучыўся ў 4-хкласнай прагімназіі. Ягоны бацька, Апалінарый-Данііл Шабунеўскі ў той час служыў паштальёнам, а пазней – памочнікам паштмайстара павятовай паштовай канторы Бабруйска.
З Бабруйска сям’я пераехала ў Слуцк, дзе Станіслаў Шабунеўскі скончыў гімназію і паступіў ў Пецярбурскі інстытут грамадзянскіх інжынераў на курс аріхтэктуры. З 1897 года служыў у Гомелі на пасадзе гарадскога архітэктара. Стаў аўтарам значнай часткі забудовы Гомеля пачатку ХХ стагоддзя.
У 1931 годзе Шабунеўскага ўпершыню арыштавалі, але праз некаторы час вызвалілі. Але ў 1937 годзе архітэктара чакаў новы арышт і адпраўка ў папраўча-працоўны лагер на Беламорканал. Адтуль Шабунеўскі не вярнуўся. Як прайшлі апошнія дні дойліда і дзе ён пахаваны – невядома. У 1989 годзе рэабілітаваны.
У Бабруйску на менскіх могілках знаходзіцца магіла Данііла Шабунеўскага. Так звалі бацьку Станіслава. Сяргей Ляпін, а таксама іншыя даследчыкі мяркуюць, што, хутчэй за ўсё, гэта магіла менавіта бацькі гомельскага архітэктара.
Калі касцёлу вернуць фасад і вежу?
Архітэктура Шабунеўскага была рэпрэсаваная разам з ейным аўтарам. Пра гэта кажа назва фільма гомельцаў, і гэтае азначэнне як нельга лепш падыходзіць да таго, што зрабілі з бабруйскім касцёлам у 1968 годзе савецкія ўлады, калі знеслі вежу і прыбудавалі пяціпавярховік.
Але Станіслава Шабунеўскага рэабілітавалі. Што праўда, пасмяротна. Ці дачакаюцца бабруйчане «рэабілітацыі» аднаго з найпрыгажэйшых будынкаў горада?
Пакуль што пытанне застаецца без адказу. З кастрычніка 2018 года будынак касцёла, а дакладней, тое, што ад аго засталося, знаходзіцца на балансе горада. Лёс прыбудовы – былога адміністратыўнага будынку ААТ «Бабруйскбудкомплекс» дагэтуль не вырашаны.
Апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтар падчас наведвання Бабруйска ў снежні мінулага года запэўніваў, што праца па вырашэнні пытання вяртання бабруйскай святыні гістарычнага выгляду вядзецца, што ён асабіста сочыць за развіццём сітуацыі.
Бабруйская парафія была адноўлена ў 1989 годзе. Цягам 30 гадоў вернікі і іерархі вядуць перапіску і перамовы з уладамі пра тое, што святыні трэба як найхутчэй вярнуць годны выгляд. Двойчы сярод бабруйчан збіраліся подпісы за аднаўленне касцёла. Апошні раз, у 2017 годзе, парафіяне сабралі большза 500 подпісаў, двойчы пісалі ліст з просьбай паспрыяць вырашэнню сітуацыі ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Бабруйскія гарадскія ўлады кожны раз у адказ на пытанне пра будучыню святыні, кажуць, што яны толькі за аднаўленне. Аднак, сітуацыя застаецца невырашанай.
Марына Маўчанава,
«Бабруйскі кур’ер»