Бабруйскія каталікі падзяліліся аплаткам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім

102

“Кажыце кожны дзень сваім дзецям евангельскія словы – “ты мой сын умілаваны, цябе ўпадабаў я”, — заахвоціў бабруйчан біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці.

7 студзеня, у Свята Хроста Пана ранішнюю Святую Імшу ў нашым касцёле канцэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.

На пачатку Імшы Яго Эксцэленцыя ксёндз-біскуп прапанаваў парафіянам узгадаць свой уласны хрост, падзякаваць за яго Пану Богу, а таксама за бацькоў, за хросных, за святара, што ўдзяліў нам некады першы святы сакрамэнт.

Сам жа Аляксандр Яшэўскі маліўся за ўвесь Бабруйскі дэканат, а асаблівым чынам за новыя пакліканні з нашай парафіі і аб ласцы вытрымкі для тых, хто ўжо на шляху служэння Пану.

Біскуп зазначыў, што Святам Хроста Езуса Хрыста завяршаецца адзін з самых урачыстых перыядаў літургічнага года – Божае Нараджэнне. І пажадаў прысутным, каб для кожнага гэтае свята было не проста прыгожым і багатым на прыемныя пачуцці. У гэты час, акрамя радаснага святкавання, варта разважаць над тым, чаму Бог прыйшоў у наш свет, і што гэта для мяне значыць, для майго жыцця ў вечнасці?

Падчас гаміліі Яго Эксцэленцыя казаў пра Святую Сям’ю, пра тое, як моцна свет сёння патрабуе такіх святых і моцных сем’яў. Нам варта памятаць, што людзі, дадзеныя нам у жыцці – гэта дар ад Бога. Наш сужэнец – гэта той адзіны і найлепшы чалавек, які патрэбны нам для ўзрастання ў святасці. Ён – Божы дар нам, як Марыя была Божым дарам для Юзэфа.

“Волю Божую выконваць нялёгка, — зазначыў біскуп, кажучы пра гісторыю Марыі і Юзафа. – Але гэта адзіная дарога, што вядзе да збаўлення і шчасця ў жыцці”.

“Ты – мой Сын умілаваны, Цябе ўпадабаў Я”, — прамовіў Бог Айцец да Езуса Хрыста падчас Ягонага Хросту ў Іардане.

“Кажыце кожны дзень гэтыя словы сваім дзецям: ты – мой сын умілаваны, ты – мая дачка ўмілаваная, цябе ўпадабаў я, — звярнуўся да парафіян ксёндз-біскуп Аляксандр Яшэўскі. – Падтрымка і любоў вельмі важная для нашых дзяцей. Езус пасля гэтых словаў ад Айца пайшоў і тры гады служыў і сведчыў пра тое, які добры Ягоны Айцец”.

Напрыканцы Святой Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі асвяціў ваду, што прынеслі з сабой парафіяне і заахвоціў карыстацца ёй як мага часцей – пры выхадзе з дому, у цяжкіх сітуацыях, асабліва ў барацьбе са спакусамі.

Пасля Імшы прайшло аплаткавае спатканне. Парафіяне падыходзілі да біскупа, каб сказаць яму добрыя словы віншаванняў з Божым Нараджэннем і каб атрымаць благаслаўленне.