Чым ёсць для мяне споведзь?

310

Прапаную кожнаму задаць сабе пытанне – “Навошта я спавядаюся?»

Няма такога чалавека, які б не грашыў, і калі некаторыя кажуць, што не грашаць, то яны падманваюць сябе. Кожны вернік ведае — каб пазбавіцца ад граху, трэба спавядацца. Споведзь – гэта сакрамэнт ацалення душы, у якім важная вера ў любячага Госпада, які благаслаўляе і аздараўляе нашыя раны.

Вернікі часта маюць дзіўнае перакананне, што чым часцей спавядаешся, тым лепш. У пэўным сэнсе ў нас прысутнічае магічнае мысленне. Нам здаецца, што Хрост, Споведзь і Святая Камунія ўсё вырашаюць. Трэба выканаць гэтыя рытуалы і тады ў жыцці ўсё будзе добра. І не дзіўна, што пры частай споведзі вера і пакаянне нярэдка адсутнічаюць. Чалавек называе грэх, таму што яму страшна і хочацца, каб стала лягчэй. Але не абуджаецца вера ў тое, што ён сустракаецца з Хрыстом і атрымлівае ад Яго вылячэнне.

Важна паверыць, што на споведзі Езус можа не толькі вызваліць ад граху, але нават забраць спакусу. Гэтую веру трэба абудзіць.

Падобная карціна і з пакаяннем. Частая споведзь слаба спрыяе пакаянню. Часта мы нават не можам добра падрыхтавацца да споведзі. Шчырае вызнанне грахоў — толькі адна з умоваў. Мы, рыхтуючыся да споведзі, павінны задаваць сабе пытанне: як не паўтараць грэх? Калі ж мы часта спавядаемся, то згаданае пытанне тут ну ніяк не задасі. Грэшнік павінен не толькі назваць грэх, але і падумаць над тым, як змяніць сітуацыю.

Пакаянне мае ў сабе элемент адрачэння. Чалавек свядома адракаецца ад дзеяння злога духа, які пачаў ўплываць на яго праз грэх.

Калі ў Сакрамэнце пакаяння прысутнічае элемент адрачэння і пытанне « Як выйсці з граху ? » , то споведзь мае ў нашым жыцці іншы сэнс , яна змяняе нас. Але да такой споведзі трэба рыхтавацца і прысвяціць ёй належны час. Калі мы не перажываем споведзь падобным чынам, то потым грахі часта вяртаюцца.

Часцей мы спавядаемся пад уплывам эмоцый, а тут трэба нешта большае — сур’ёзныя рашэнні і асабістая сустрэча з Госпадам, а гэта патрабуе часу. Сур’ёзныя рэчы хутка не нараджаюцца.