Клерык Павел Сідарэнка стаў дыяканам

1523

Падчас урачыстай Імшы, з рук біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага, атрымаў пасвячэнне ў дыяканы наш клерык Павел. Такая падзея адбываецца ў першыню за ўсю гісторыю заснавання нашага касцёла. На Імшы прысутнічалі кансэкраваныя асобы Магiлёўскай вобласці,  святары — госці з Беларусi, былы пробашч нашай парафіі ксёндз Юры Быкаў,  аднакурснікі Паўла з семінарыі, а таксама яго родныя,блізкія і парафіяне , жадаючыя падтрымаць малітвай нашага зямляка ў такі важны для яго дзень.
Павел 6 гадоў вучыўся ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі Святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, дзе вывучаў тэалагічныя, філасофскія прадметы, псіхалогію і замежныя мовы. Гатовіўся прыняць усе тыя абавязкі, якія ўскладае на яго Касцёл. Гэта цэлібат, паслухмянасць іерархам, служэнне ў якасці дыякана, абавязковая духоўная праца над сабой, а таксам прысвячэнне свайго жыцця служэнню Богу і людзям, а для гэтага патрэбна вялікая адвага і глыбокая вера.
Заданні дыяканскага стану разнастайныя: паслуга Слова, паслуга Божага культу, пастырскія абавязкі і дабрачыннасць. Паслуга Слова азначае магчымасць прапаведвання Евангелля не толькі ў межах літургіі, але і ва ўласным жыцці, сярод сваіх разнастайных заняткаў. Аб усім гэтым распавядаў пад час Імшы біскуп Аляксандр.
Пасля абраду пасвячэння ў дыяканы, Павел прамовіў словы падзякі ўсім, хто падрымліваў яго ў новай ступені на шляху служэння Богу. Дыякан Павел атрымаў віншаванні ад  кансэкраваных асобаў і парафіян з уручэннем падарункаў.

Пажадаем,  каб Святая Тройца і Найсвяцейшая Панна Марыя, а таксама ўсе святыя былі ахоўнікамі і дапаможцамі ў ягоным пакліканні !