Гісторыя касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

440

Касцёл у гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі заснаваны 8 траўня 1903 года, а пабудаваны ў 1906 годзе ў стылі неаготыкі . Новапабудаваную святыню асвяціў мінскі дэкан ксёндз Казімір Міхальковіч. Кансэкрацыю галоўнага алтара, разам з касцёлам, 9 верасня 1912 года ўчыніў Мітрапаліт, арцыбіскуп Вінцэнт Ключынскі.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1912 г.

У 1902 – 1912 гадах пробашчам парафіі і дэканам бабруйскім быў ксёндз канонік Ян Красоўскі ( памёр у 1912 годзе). Вікарыем у гэты час быў ксёндз Вітальд Івіцкі. Таксама ў парафіі працавалі святары: у 1903 – 04 гадах – кс. Адам Сухвалка; у 1907 — 09 гадах – кс. Альбін Ройша; у 1909 – 11 гадах – кс. Ян Ворслаў.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У 1912 – 1915 (1918?) гадах пробашчам парафіі і дэканам бабруйскім быў ксёндз Вацлаў Пацэвіч. Пэўны час вікарыямі ў гэтыя гады былі ксяндзы Вінцэнт Латарэвіч і грамадскі і культурны дзеяч Адам Пучкар – Хмялеўскі, а таксама, у 1911 – 13 гадах – кс. Ян Сянкевіч.

У 1903 -1905 гадах капеланам парафіі працаваў ксёндз Ян Брэчка. Некалькі месяцаў, у 1913 годзе, ксёндз Брэчка быў парафіяльным і дэканальным адміністратарам.

Некаторы час у касцёле служыў ксёндз, беларускі паэт і публіцыст, Аляксандр Астрамовіч, паэтычны псеўданім якога – Андрэй Зязюля (гады жыцця 1878 – 1921) .

Падчас Першай сусветнай вайны ў касцёлах Магілёва і Бабруйска служыў благаслаўлёны ксёндз Міхал Сапоцька, спаведнік святой сястры Фаустыны Кавальскай.

Перад 1919 годам ксёндз Вінцэнт Латарэвіч вярнуўся ў Бабруйск, але ўжо ў якасці пробашча. Непрацяглы час служыў святар на гэтай пасадзе. 19 сакавіка 1919 года ён быў расстраляны чырвонаармейцамі ў Мірскім замку.

У 1918 – 1920 гады ў касцёле працаваў ксёндз Караль Бялініс – пробашч парафіі ў вёсцы Харомцы з 1912 года. Глускай парафіяй у пачатку ХХ стагоддзя апекаваўся ксёндз Уладзіслаў Ісаевіч (былы Навагрудскі дэкан); у 1920-1930-я гады глускую і харамецкую парафіі абслугоўваў ксёндз Мечыслаў Сабачынскі (Слуцкі дэкан, арыштаваны 10 сакавіка 1933 года ў Слуцку; асуджаны да 10 год лагероў, быў этапаваны ў Карагандзінскі лагер НКУС, далейшы лёс невядомы). Таксама бабруйскім вернікам часта паслугоўваў ксёндз Казімір Кедрынскі (згадваўся таксама як Кедржынскі) – пробашч парафіі ў Свіслачы з 1896 года.

Бабруйскім дэканам і адміністратарам парафіі ў 1921 годзе быў ксёндз Тэадор Рыло (гады жыцця — 1884 г. – 1950, памёр у ГУЛАГу), адначасна выконваў абавязкі адміністратара ў Свіслачы.

З 1922 г ода адміністратарам парафіі служыў ураджэнец Бабруйска ксёндз Ян Жаўрыд (нарадзіўся ў 1885 годзе). 21 красавіка 1928 года святара арыштавалі, а 25 сакавіка 1929 года калегіяй АДПУ ён быў асуджаны да 10 год Салавецкіх лагероў. 1 лістапада 1937 года ксяндза Яна паводле прыгавору НКУС расстралялі ў Салавецкай турме.

Напрыканцы 1929 – у пачатку 1930 гадоў адміністратарам парафіі працаваў ксёндз Казімір Мустэйкіс. Святар быў абвінавачаны паводле паклёпніцкага даноса і прыгавораны да трох гадоў турмы. Праз год вызвалены дзякуючы хадайніцтвам брата, міністра ва ўрадзе Літвы, і ў 1933 годзе выехаў у Літву.

З 1931 па 1944 гады пробашчам парафіі быў ксёндз Францішак Выліжынскі. Нарадзіўся ксёндз Францішак у 1879 годзе, у 1900 годзе скончыў Санкт-Пецярбуржскую духоўную семінарыю. Высвечаны на святара ў 1901 годзе. Працаваў вікарыем у Рэчыцы і Віцебску. З 1905 года пробашч у Дзедзяловічах, пад Барысавам, з 1922 года — адміністратар парафій у в. Корань, а затым в. Блонь і іншых. З 1931 года – пробашч парафіі ў Бабруйску. Напрыканцы 1934 года быў арыштаваны і асуджаны да 5 год лагероў. З 1934 года знаходзіўся ў Карлагу, адкуль быў вызвалены ў 1940 годзе. Па вяртанні ў Бабруйск працаваў вартаўніком. Але зноў быў арыштаваны і адпраўлены ў Пячорлаг; праз некаторы час ксяндза Францішка амніставалі і ён зноў вярнуўся на працу ў Бабруйск. Святар памёр восенню 1944 года, пахаваны на «мінскіх» могілках.

З 1935 па 1941 гады службы ў касцёле забаранілі, а святыню выкарыстоўвалі ў гаспадарчых мэтах.

Выстава сельскагаспадарчай жывёлы ў касцёле.

Некалькі месяцаў у 1944 годзе ў бабруйскім касцёле служылі святары Чэслаў Барвіцкі і Юры Грасевіч, накіраваныя сюды арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім.

Сельскагаспадарчая выстава ў касцёле

З 1946 года ўлада зноў зачыніла касцёл, пэўны час у будынку святыні дзейнічаў кіналекторый. У 1968 годзе фасад святыні часткова разбурылі і ўмуравалі ў пяціпавярховы адміністрацыйны будынак.

Забудоўванне фасада касцёла ў 1968 годзе.

З 1955 па 1970 гады парафіянамі апекаваўся ксёндз Мечыслаў Малыніч, які жыў у Слуцку.

У кастрычніку 1989 года было прынята рашэнне аб вяртанні касцёла вернікам, але перадалі святыню толькі ў сакавіку 1990 года. 13 ліпеня 1990 года касцёл кансэкраваў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Памылкова святыні і парафіі надалі тытул Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Пасля рэкансэкрацыі, якую 9 снежня 1996 года ўчыніў Мітрапаліт кардынал Казімір Свёнтэк, у назву святыні і парафіі вярнулі гістарычнае імя – Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі . Першасны выгляд касцёла пакуль не адноўлены.

 

Пробашчы адроджанай парафіі :

З 13. 07. 1990 г. — ксёндз Анджэй Шчэнсны,

З 15. 03. 1993 г. — ксёндз Раман Факсінскі,

З 30. 01. 2000 г. — ксёндз Антоній Клімантовіч,

З лютага 2001 г. — ксёндз Аляксанр Тарасевіч,

З 07. 08. 2001 г. — ксёндз Генрых Акалатовіч,

З 21. 08. 2005 г. — ксёндз Уладзімір Русак ( адміністратар ),

З 18. 09. 2005 г. — ксёндз Юрый Быкаў,

З 03. 08. 2014 г. — парафіяй кіруе ксёндз Андрэй Яркавец.

Склаў Віктар Маліноўскі – жнівень 2014г.