“Хто для мяне Дзева Марыя?”

128

У нашай святыні 8 снежня адбылася Імша, прысвечанная святу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.Гэтае свята для нас асаблівае , таму што наш касцёл асвечаны ў гонар Беззаганнай Панны Марыі. Так адбылося, што гэты дзень супаў з пачаткам рэкалекцый, таму служба атрымалася святочная і з гасцямі. Урачыстую Імшу цэлебраваў біскуп Аляксандр Яшэускі SDB. Радасць свята з намі падзялілі таксама запрошаныя дыякан Мікалай Гракаў, які не так даўно працаваў пры нашым прыходзе, і ксёндз-рэкалекцыяніст Дзмітрый Занямонскі з Мінску.

Падчас рэкалекцыйных разваг аб Найсвяцейшай Панне Марыі, былі зададзены пытанні, якія, думаю, закранулі не адно сэрца: «Хто для мяне Дзева Марыя? Што я магу зрабіць для Яе?». На гэтыя ж пытанні зрабіў акцэнт і біскуп Аляксандр, адзначыўшы: лепшае, што мы можам зрабіць для нашай Нябеснай Маці, гэта старацца стаць такімі ж святымі, як і Яе Беззаганнае чыстае сэрца. Мы павінны не толькі прасіць аб дапамозе, але і не забывацца дзякаваць за ўсе ласкі, якія Яна нам дае.

Таксама біскуп адзначыў: ёсць сярод нас такія вернікі, хто «як жаба з балота на сушу выходзяць часам», вось так жа і ў касцёле з’яўляюцца толькі пару разоў за год, каб пабываць на галоўных святах.Ён заклікаў адкрыць свае сэрцы для Езуса Хрыста і Найсвяцейшай Панны Марыі, каб наша жыццё стала на самай справе несмяротнае.

Дарагія сябры, у гэты перыяд Адвэнта ў кожнага з нас ёсць магчымасць перагледзець сваё жыццё і змяніць яго ў лепшы бок. Толькі вера ў Бога можа дапамагчы нам адкрыць нашы сэрцы для дабра, спагады і любові!