Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла і былы езуіцкі касцёл

1870

Першая каталіцкая святыня ў Бабруйску –  касцёл у гонар святых Апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваны ў 1615 -1620 гадах за сродкі  бабруйскага  старосты Пятра Казіміра Трызны. Працы па дабудове і аздабленні мураванага касцёла вяліся да сярэдзіны 1630-х гадоў.  У кастрычніку 1648 г. касцёл і езуіцкая рэзідэнцыя былі разгромлены і разрабаваны казакамі. У лютым 1655 г., падчас вайны Расійскай Дзяржавы супраць Рэчы Паспалітай 1654-1667 г.г., Бабруйск зноў быў разрабаваны і спалены казакамі, касцёл таксама моцна пацярпеў ад пажару. Пасля гэтых панішчэнняў святыню аднаўлялі. Мураваны касцёл меў асноўны, прамавугольны ў плане аб’ём; у цэнтры галоўнага фасада мелася двух’ярусная, драўлянай канструкцыі, атынкаваная вежа  з складаным па форме завяршэннем; унутраны інтэр’ер быў аздоблены, асабліва багатае аздабленне мелася у першай палове ХІХ ст.; між іншых — у галоўным алтары знаходзіўся цудатворны ўкаранаваны абраз Панны Марыі, у срэбранай з пазалотай шаце. Святыня з’яўлялася помнікам архітэктуры позняга рэнесансу. Апошні раз касцёл быў кансэкраваны ў 1743 г. Віленскім біскупам Міхалам Зімковічам.

Па запрашэнню П. Трызны ў 1618 г., для  місіянерскай  дзейнасці, у Бабруйск  пры- былі  айцы і браты  « Таварыства Езуса »  –  езуіты. У 1623 г.- 1627 г. у Бабруйску працавалі айцы езуіты  Якуб Ражнавольскі і Рафаіл Класоўскі; у 1629 г.- 1630 г.- а. Мацей Лескі; у 1629 г.- 1630 – а. Міхал Крэтцмер. У 1630 г. правінцыял ордэна езуітаў Ямялкоўскі зрабіў бабруйскую рэзідэнцыю незалежнай ад калегіі ў Нясвіжы.

Першым  суперыёрам ( настаяцелем ) самастойнай рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску , з 1630 г. па  1633 г.быў святы Андрэй Баболя, айцец ордэна . З лістапада 1632 г. некаторы час у рэзідэнцыі працавалі ксяндзы Якуб Брэнт і Станіслаў Альшэўскі, а таксама настаўнікі – клерыкі Ян Прушынскі ды Сымон Дэмбоўскі.  З вясны 1633 г. да 1637 г. Бабруйскую езуіцкую рэзідэнцыю ўзначальваў  айцец  Марцін Рыдзеўскі. (Поўны спіс суперыёраў рэзідэнцыі дадаецца асобна.) На тэрыторыі рэзідэнцыі, з 1631 г па 1648 г., мелася драўляная капліца – касцёлік, у якой службы адпраўляліся толькі для айцоў і братоў рэзідэнцыі.

Далейшыя прыведзеныя тут звесткі  аб  святарах, якія працавалі ў бабруйскай парафіі і дэканаце,  выяўлены  часткова.

Бабруйскім дэканам і, напэўна, пробашчам  у 1755 г. быў ксёндз Юзаф Крычскі.

У другой палове 1760-х гадоў  пробашчам  парафіі  быў  Станіслаў  Богуш — Сес -транцэвіч – будучы  Мітрапаліт, арцыбіскуп  Магілёўскай  архіепархіі.                                                                                                                                                                 23 студзеня 1808г. у Бабруйскім парафіяльным касцеле імя Св.Ап.Пятра і Паўла ксёндз прэлат Ігнат-Якуб Даліва-Садоўскі, кантар мінскі, канонік жытомірскай кафедры, доктар філасофіі і краснасельскі пробашч, удзяліў сакрамэнт святога Хросту Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу –­ будучаму пісьменніку, драматургу, пачынальніку новай беларускай літаратуры.

Спіс святароў Віленскай дыяцэзіі за 1789 г. і 1792 г. падае, што дэканам і пробашчам касцёла ў гэтыя гады быў ксёндз Ян Грыневіч. Таксама ў гэты час у парафіі працаваў ксёндз Георгій Адамовіч.

У 1818 – 1821 г.г. віцэ — пробашчам быў ксёндз Стракоўскі.

Згодна дыяцэзіяльнаму спісу святароў 1843 г. Бабруйскім дэканам на той час быў ксёндз Ян Кляноўскі – адміністратар касцёла ў Глуску, а  пробашчам і адначасова законанастаўнікам  прагімназіі ў Бабруйску працаваў айцец дамініканін Барталамей Віснёўскі, вікарыем пры ім быў ксёндз Юзаф Буткевіч. Тагачасным вікарыем філіі бабруйскага касцёла ў Шацілках (цяп. г. Светлагорск) служыў ксёндз Валянцін Манкевіч, а адміністратарам касцёла ў Свіслачы быў ксёндз Андрэй Давейка.

Прыкладна з канца 1840-х гадоў да ліпеня 1859 г. пробашчам і Бабруйскім дэканам быў ксёндз Казімір Шышко.

Пасля пажару ў касцёле 7 ліпеня 1859 г. пробашчам і дэканам  працаваў ксёндз  Сымон Макарэвіч. У дыяцэзіяльным спісе святароў  1872 г. ксёндз С. Макарэвіч працягвае значыцца Бабруйскім дэканам і законанастаўнікам прагімназіі; ксёндз Аляксандр Янкоўскі пазначаны ў гэтым спісе, як Мазырска-Рэчыцкі дэкан і законанастаўнік гімназіі ў Мазыры. Але ёсць звесткі, што кс. А. Янкоўскі ў 70-х гг. ХІХ ст.быў Бабруйскім дэканам і пробашчам  касцёла. Напэўна, значна маладзейшы за кс. Сымона, кс. Аляксандр стаўся яго заступнікам на пасадзе ў Бабруйску.

У 1874 г. вікарыем быў ксёндз Клімент Трашчэўскі.

У 1890-х  г. вікарыем  у парафіі працаваў ксёндз Ільдэфонс  Раманоўскі (у 1870-х гадах вікарый Слуцкага дэканату) – нар. у 1812 г. спачыў у 1897 г., пахаваны ў Бабруйску на  хрысціянскіх могілках па вул. Мінскай.

У 1870-х гадах у парафіі працавалі наступныя святары: Вінцэнт Бабіцкі, Віктар Анджаеўскі, Кіпрыян Жаброўскі, Адольф Пласкавіцкі, Банавентура Лаўрыновіч, Ян Рымовіч і Яраслаў Расінскі. У Бабруйскім дэканаце на той час працавалі  святары: кс. Язэп Чэрнік (адміністратар у Глуску); кс. Альфонс Гедройць (адм. у Свіслачы), пазней адміністратарам там быў кс. Тамаш Багінскі; кс.Віктар Урочанскі (адм. у Харомцах).

15 снежня 1885 г. бабруйскі касцёл св. Ап. Пятра і Паўла,  амаль поўнасцю, быў знішчаны пажарам і перастаў функцыянаваць. Пазней парэшткі святыні перадалі вайсковаму ведамству; прыблізна ў 1898 г. касцёльныя сцены разабралі да падваконняў, а ў пачатку ХХ ст. на пазасталым  падмурку ўзвялі двухпавярховы будынак казармы, які захаваўся дагэтуль.   Парафіяй і дэканатам у той час кіраваў ксёндз Міхал Аляхновіч. Да Бабруйска кс. Міхал быў дэканам Мінскага павятовага дэканату. Нарадзіўся кс. М. Аляхновіч у 1824 г., спачыў у 1901 г., пахаваны ў Бабруйску на  цэнтральнай алеі хрысціянскіх могілак па вул. Мінскай.

Са студзеня 1886 г. рыма-каталіцкія набажэнствы ў Бабруйску адпраўляліся ў капліцы, пад якую быў абсталяваны адзін з пакояў плебанійнага дому. Як парафіяльная, капліца дзейнічала да 1898 г.

У 1896 г.,  на вул. Разенмаркаўскай (цяпер Кастрычницкая), прыкладна ў тым месцы, дзе пазней узвялі касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, быў збудаваны  драўляны касцёл, але і яго спасціг вынішчальны пажар  у 1902 г.

З кастрычніка 1898 г. парафіяй і дэканатам кіраваў адміністратар ксёндз А. Плашпер.

У 1901 г. адміністратарам парафіі і дэканата прызначылі  ксяндза Яна Красоўскага , а з 1902 г., ужо будучы пробашчам і дэканам, кс. Ян распачаў захады па будаўніцтву новага мураванага парафіяльнага касцёла.                                                                      * * *

Касцёл Бабруйскай рэзідэнцыі езуітаў, тытул невядомы, канчаткова пабудаваны ў 1747 г. за сродкі рэчыцкага суддзі Францішка Дзерналовіча . Будаўніцтва святыні вялося пад кіраўніцтвам архітэктараў езуітаў Казіміра Мацелякоўскага — у 1735 — 36 г.г. і  Тамаша  Жаброўскага — у 1745 — 46 г.г.  Аздоба касцёла вялася пад кіраўніцтвам архітэктараў  езуітаў  Габрыэля  Лянкевіча – у 1747 – 48 г.г.  і  Францішка Каро — ў 1757 — 58 г.г. Вядома,  што  ў  розны час у рэзідэнцыі  працавалі  айцы і браты езуіты :  Міхал Туроўскі,  Мацей Гансвінт,  Якуб Руоф,  Бенедыкт Лор,  Ёзаф Шыль,  Антон  Марціноўскі .

Падчас пабудовы касцёла кіраўнікамі рэзідэнцыі былі наступныя айцы езуіты: 1730-1734 а. Юзаф Скажынскі, 1734-1737 а. Валеры Крынскі, 1737-1742 а. Міхал Шырма, 1742-1747 а. Ігнацы Іздэбскі.

Пасля скасавання ў 1773 г. ордэна езуітаў з 1780-х гадоў касцёл перайшоў у распараджэнне свецкай улады, у ім знаходзіўся павятовы суд, а таксама адбываліся пася -джэнні павятовых соймаў.  У 1810 г. касцёл  перабудавалі  пад  артылерыйскі цэйхгауз.  Будынак былога касцёла захаваўся, з’яўляецца помнікам архітэктуры стылю барока. На жаль, амаль ва ўсёй сучаснай даведачнай літаратуры, звесткі пра касцёл Бабруйскай рэзідэнцыі езуітаў змяшаны і паблытаны са звесткамі пра  касцёл у гонар святых Апосталаў Пятра і Паўла.

Апостальскі  Адміністратар  Мінска – Магілёўскай  архідыяцэзіі  біскуп Антоній

Дзям’янка ў лістападзе 2006 г. ініцыяваў працэс заснавання пры былым езуіцкім касцёле каталіцкай парафіі ў гонар Св. Ап. Пятра і Паўла і вяртання святыні вернікам. Адміністратарам ствараемай парафіі  некаторы час быў ксёндз Канстанцін Карака.

Апоўначы, з 3 на 4 снежня, 2011 г. у касцёле ўсчаўся пажар. Хаця ратавальныя службы спрацавалі зладжана, усё ж  вогненая стыхія паспела разлютавацца. Агнём, знутры, моцна пашкоджаная апсіда, амаль поўнасцю выгарала памяшканне ў якім раней была правая закрыстыя. Над  гэтымі месцамі ў будынку прагарэў дах. Як паведамілі ў Бабруйскім гаррайаддзеле па надзвычайных сітуацыях – мяркуемая прычыны пажара – занясенне крыніцы агня звонку. Па дадзеным выпадку праваахоўнымі органамі была праведзена праверка.

Удень, 30 жніўня 2011 г. новы моцны пажар надарыўся ў касцёле. Гэтым разам шкода ад агню аказалася нашмат большай за папярэдняе здарэнне. Дах над апсідай быў амаль цалкам панішчаны. Найбольш аўтэнтычная чатска касцёла, асабліва ўнутры,  ды і звонку,  фактычна ператварылася ў папялішча. Прычынай пажару, як і мінулым разам зноў стаў падпал.

Склаў   Віктар Маліноўскі —  2011  г.