На заканчэнне перыяду Божага Нараджэння ў Асіповічах адбылася рэгіянальная сустрэча моладзі. Галоўны лейтматыў гэтага дня заклікаў удзельнікаў засяродзіцца на ласцы хросту, які яны атрымалі.
Маладыя парафіяне з Асіповічаў, Бабруйска, Магілёва, Слуцка і Мінска былі запрошаныя падчас першай канферэнцыі адказаць сабе на два, здавалася б, банальныя, пытанні: «Хто я?» і «Адкуль я?» Аднак, па словах кс. Юзафа Сярпейкі, гэта істотныя пытанні, які адсылаюць нас да самага пачатку нашага жыцця, змушаюць усвядоміць адвечную праўду: няглядзячы на тое, адкуль я і якое маё мінулае, мне кожны дзень трэба адказваць сабе на пытанне: «Хто я?»
Адказ на гэтае пытанне дапамагае вырашыць, што сёння я маю магчымасць стаць лепшым, чым быў хоць бы ўчора.
Адарацыя Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, якую падрыхтавала моладзь з парафіі ў Бабруйску разам з с. Марыяй, дала ўдзельнікам сустрэчы магчымасць быць побач са Збаўцам і праслаўляць Яго.