На свята Божага Цела каталікі Бабруйска прайшлі працэсіяй вакол свайго касцёла

108

3 чэрвеня нашыя парафіяне са спевамі ды малітвамі абыйшлі сваю святыню, чатыры разы спыніўшыся каля імправізаваных алтароў. Так традыцыйна адзначаюць Урачыстасць Найсвяцейшых Цела і Крыві Хрыста.

Свята Божага Цела ў каталіцкім літургічным календары выпадае на чацвер пасля Тройцы, ці на 60 дзень пасля Пасхі. Сёлета гэта было 31 траўня. Урачыстая працэсія звычайна пераносіцца на нядзелю, каб большая колькасць людзей магла ў ёй паўдзельнічаць. Такая працэсія завецца Эўхарыстычнай, таму што святар падча яе нясе Найсвяцейшы Сакрамэнт – Цела Хрыста.

У Менску і Горадні працэсія ў гэты дзень ідзе праз цэнтральныя гарадскія вуліцы. Бабруйскія ж каталікі пакуль могуць абходзіць толькі свой касцёл. Дазволу на працэсію праз горад улады не даюць.

Адміністрацыйна будынак ААТ “Бабруйскбудкомплекс”, якім забудаваны касцёл, стварае значныя нязручнасці падчас святаў. Не аднойчы вернікам даводзілася адмаўляцца ад працэсіі з-за адсутнасці нармальных умоваў.

Свята Найсвяцейшых Цела і Крыві Хрыста было ўсталявана дзякуючы візіям бл. Юльяны з Карнілён (Бельгія). Пад іх уплывам мясцовы біскуп у 1246 годзе ўсталяваў такое свята для сваёй дыяцэзіі. У 1252 годзе яно было пашырана на Германію. У 1263 годзе ў Бальсэне (Італія) адбыўся эўхарыстычны цуд. Адзін святар, адпраўляючы Святую Імшу, засумняваўся ў рэальнай прысутнасці Езуса ў Эўхарыстыі. У ягоных руках з гостыі пачалі капаць кроплі Крыві. Карпарал, на які тады ўпалі гэтыя кроплі, па сённяшні дзень знаходзіцца ў катэдры ў Арвета (Італія). Цуд гэты меў значны ўплыў на абвяшчэнне Свята Божага Цела. У 1264 годзе папа Урбан IV булай Transiturus устанавіў гэтае свята для ўсяго Касцёла. Ён таксама ўказаў на прычыны, па якіх гэтае свята павінна адзначацца. Гэта — ўзнагарода Езусу за знявагу Яго ў Найсвяцейшым Сакраманце, за памылковыя перакананні ерэтыкоў, а таксама ўшанаванне памяці ўсталявання Найсвяцейшага Сакраманту, якую нельга ўрачыста святкаваць ў Вялікі Чацвер па прычыне смутку Вялікага Тыдня.

Аднак, була Transiturus не была абвешчана па прычыне смерці папы. І адпаведна – свята не было тады ўсталяванае. Канчаткова зрабіў гэта толькі папа Ян ХХІІ. Свята Божага Цела было ўжо распаўсюджана ў 1306 годзе ў Кёльне, у 1316 годзе ў Страсбургу. У Англію прыйшло яно з Бельгіі паміж 1320 і 1325 гадамі. У Польшчы упершыню было праведзенае ў 1320 годзе. Гэтае свята ведаюць і святкуюць католікі ўсходніх абрадаў. Напрыклад, копты, сірыйцы, армяне, мельхіты і інш.