«Нават калі змоўкнуць людзі, камяні будуць прамаўляць!”

1507

У нядзелю 22 кастрычніка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, наведаў з пастырскім візітам парафію ў Бабруйску.
Асноўнай мэтай візітацыі стала прадстаўленне вернікам новага каноніка катэдральнага капітула ў Мінску ў гонар святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай – кс. Андрэя Яркаўца, пробашча парафіі.
Сустракалі шаноўнага госця прысмакамі і танцавальнай пастаноўкай у выкананні дзетак парафіі. Словы прывітання выказаў ксёндз Андрэй.
Затым мітрапаліт узначаліў святочную Імшу і звярнуўся да прысутных з разважаннем над словамі Евангелля: «Аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу».
Для парафіян бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі словы Езуса маюць адметны сэнс: вось ужо не адно дзесяцігоддзе тут не можа вырашыцца пытанне поўнага вяртання святыні. “Бабруйскі варыянт” – сумна жартуюць католікі, і не толькі яны. Актыўная грамадскасць горада таксама не аднойчы звярталася да ўлад – будынак касцёла ў неагатычным стылі нават проста б упрыгожыў Бабруйск. Не кажучы аб тым, што прыбудованая пачварная “пяціпавярхоўка” замінае вернікам. Але гістарычная справядлівасць пакуль што – у перспектыве…
Мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч падчас візітацыі падкрэсліў: адносіны да вырашэння гэтай праблемы – нязменныя: будынак павінны аддаць у тым выглядзе, у якім забралі. Прапановы спачатку выкупіць, а потым самім разбурыць прыбудову – не вартыя ўвагі.
“Аб становішчы з будынкам касцёла ведае нават Прэзідэнт”, – паведаміў арцыбіскуп. Таму бабруйскім каталікам застаецца только спадзявацца на Божую Міласэрнасць і заступніцтва Маці Божай. Да гэтага яшчэ раз заклікаў парафіян і арцыбіскуп. Бо на ўсе перашкоды і выпрабаванні, якія напаткалі касцёл і вернікаў, мы можам адказваць словамі Езуса: “Брамы пякельныя яго не перамогуць!”