Не забывайцеся пра Рараты!

8

Рараты – гэта назва Святой Імшы на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі. Цэлебруецца звычайна на досвітку на працягу ўсяго Адвэнту. Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»).

У касцёле пагашана святло, толькі гараць раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі, звычайна запаленымі, ідучы з дому ў святыню, асвятляючы змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае нам пра неабходнасць збірання на працягу ўсяго Адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Езусу шлях да нашага сэрца.

Рараты асаблівым чынам нагадваюць нам пра Марыю, якая падобная да ранішняй зоркі, што апярэджвае ўсход сонца. Так і Марыя папярэдзіла прыход Езуса Хрыста — нашага Сонца і Святла ўсяго свету. Рараты — гэта падзяка Найсвяцейшай Панне Марыі за яе згоду стаць Маці Збаўцы.

Раратняя Імша з’яўляецца знакам асаблівай прысутнасці Марыі падчас Адвэнту, бо менавіта яна чакала Збаўцу так, як ніхто іншы.