Пачатак Адвэнту – натхненне змяняцца…

10

Распачаўся чарговы Адвэнт у жыцці вернікаў. Сёлета першым днём гэтага асаблівага часу стала нядзеля 2 снежня. Гэта не толькі перыяд посту,разважання аб сваім жыцці, асабістых пастаноў, але і час, калі мы жывем з пачуццём чакання цуду, які нясе ў сабе вера ў выратаванне.

Адвэнт – гэта не толькі падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння. Перш за ўсё, гэты час мае больш глыбокае значэнне – разважанне і чаканне другога прыйсця Хрыста. Сама назва “адвэнт” паходзіць ад лацінскага “adventus” – прыйсце.

Адвэнт ахоплівае чатыры нядзелі няпярэдадні Божага Нараджэння. Ягоны пачатак прыпадае ці на апошнюю нядзелю лістапада, ці на першую — снежня.

Часта гэты час атаясамліваюць з постам, падчас якога трэба абмежаваць сябе ва ўжыванні нейкай ежы. І пост насамрэч можа быць. Але толькі калі гэта асэнсаваная адмова верніка сабе ў нечым, што замінае яму глыбей сканцэнтравацца на веры, на сваёй душы. Сапраўды, у гэты перыяд можна не ўжываць мясныя стравы, алкаголь, слодычы, не ўдзельнічаць у гучных забавах, меней часу праводзіць у інтэрнэце ці за праглядам тэлебачання, а прысвяціць яго духоўным практыкам ці сваёй сям’і.

Адвэнт вядомы сваімі прыгожымі традыцыямі. Перш за ўсё, гэта адмысловы адвэнтавы вянок з чатырма свечкамі. Кожную нядзелю запальваецца новая свечка, і напрыканцы Адвэнта, перад самым Божым Нараджэннем, гараць усе чатыры.

Падчас Адвэнту ў касцёлах праводзяцца так званыя “раратнія” набажэнствы. У заходнім Касцёле такія службы вядомыя з XIII стагоддзя. Звычайна яны праходзяць на досвітку. Але ў нашых умовах, з-за таго, што зранку большасць вернікаў спяшаюцца на працу, гэтыя Імшы праводзяцца таксама і ўвечары.

Назва “рараты” бярэ пачатак ад лацінскай каталіцкай песні “Rorate coeli desuper” (“Дайце, нябёсы, росы з вышыняў”). Яна спяваецца на пачатку раратняй Імшы і распавядае пра тое, што людзі чакаюць прыйсця Хрыста як высахлая зямля – расы.

На раратнію Імшу вернікі нясуць з сабой ліхтарыкі. Набажэнства адбываецца пры выключаным святле, таму падчас раратаў у касцёле вельмі прыгожа. У нашым касцёле раратнія Імшы будуць праходзіць па суботах, а 18-й гадзіне.

Яшчэ адна традыцыя гэтага часу чакання Божага Нараджэння – адвэнтавыя календары. Яны вельмі распаўсюджаныя ў Еўропе, нават прадаюцца ў супермаркетах. У Беларусь гэтая звычка толькі-толькі прыходзіць. Тыя календары, што можна купіць у краме, звычайна складаюцца з акенцаў на кожны дзень Адвэнту, а ў акенцах – які-небудзь слодыч – цукерка ці плітка шакаладу. Але каб такі каляндар сапраўды спрыяў падрыхтоўцы душы да святаў, абавязкова трэба дадаць духоўны складнік – пакласці ў акенца-кішэньку запіску з нейкім заданнем – напрыклад, памаліцца за некага з блізкіх, ці прачытаць урывак з Бібліі. Зрабіць Адвэнтавы каляндар можна сваімі рукамі. Асабліва гэта спадабаецца і запомніцца дзецям.

Хочацца, каб мы ўсе, як дзеці ў чаканні радаснага дня, цягам Адвэнту стараліся стаць лепш. Ведаючы кожны свае “мінусы”, пастараемся перамяніць іх на “плюсы”. Калі толькі пажадаць гэтага, то крок за крокам, памаленьку , з надзеяй на тое, што будучае будзе лепшым за мінулае, абавязкова атрымаецца тое, што пажадалі. Тады ў дзень нараджэння нашага Збавіцеля Езуса Хрыста мы маглі б з чыстым сумленнем сабе прызнацца, што вартыя такога падарунка ад нашага Айца Нябеснага. Бо, каб свет вакол нас стаў лепшым, трэба пачаць змяняць сябе.