Перэгрынацыя фігуры святога Арханёла Міхала ў нашай святыні

155

З 22 па 29 верасня 2023 г. у бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася перэгрынацыя копіі фігуры святога Арханёла Міхала з італьянскага санктуарыя ў горным масіве Гаргана. Там знаходзіцца адзіная ў свеце святыня, якая была асвечана не чалавекам, а анёлам. Гэта ўчыніў сам св. Міхал падчас аднаго са сваіх аб’яўленняў на гары Святога Анёла.

Святы Міхал Арханёл сваім імем абвяшчае Божую моц і хвалу. Імя Міхал у перакладзе з габрэйскай мовы азначае “Хто ж як Бог”. Згодна з хрысціянскай традыцыяй, св. Міхал Арханёл з’яўляецца першым і наймагутнейшым сярод анёлаў. Ён лічыцца ахоўнікам Божага трона. Паводле біблейскага аповеду, св. Міхал выступіў супраць збунтаванага Люцыфера і перамог. Ён дапамагае людзям у барацьбе са злом. У літургіі св. Міхала таксама называюць анёлам супакою. Да яго часта звяртаюцца з просьбамі вывесці душы з чыстца.

“Князь войск нябесных” здаўна апекуецца землямі Беларусі. Яго выява змешчана на старажытным гербе Навагрудка – першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, нашай гістарычнай краіны. Сёння св. Міхал Арханёл з’яўляецца галоўным апекуном Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ўсяго мясцовага Касцёла. Можна лічыць, што ён для нас самы блізкі памагаты з усяго Нябеснага войска.

Фігуру нябеснага Апекуна Касцёла на Беларусі даставіў у нашу святыню яе кусташ ксёндз канонік Ігар Лашук.