Неяк так сталася, што энцыклапедычныя і даведачныя звесткі пра каталіцкія святыні Бабруйска і Бабруйшчыны ўтрымліваюць зашмат недакладнасцяў. Апісанне першага бабруйскага касцёла св. Ап. Пятра і Паўла, будаўніцтва якога было пачата ў 1615 годзе і які перастаў існаваць пасля панішчэння пажарам у 1885 г., паўсюдна пераблытана з апісаннем касцёла Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі, пабудаваным у 1747 г. У асноўным гэты барочны храм, наўперака мінорным даведачным сцверджанням, хоць і моцна перабудаваны, захаваўся і з’яўляецца самым старажытным будынкам Бабруйска. А скупы аповед пра ўнікальную пахавальную капліцу ў вёсцы Ізюмава адназначна падаецца энцыклапедычнымі выданнямі, як “страчаная спадчына”. Але гэта, дзякуй Богу, таксама больш чым недакладнасць, асабліва пасля некаторах шчасных спраў і падзей, што адбыліся на Ізюмаўскіх могілках ў сярэдзіне жніўня 2007 года.
Калісці ў маёнтку Дурынічы (цяпер в. Ізюмава ў Бабруйскім р-не) знаходзілася сядзіба графскага роду Забэлаў. На мясцовых каталіцкіх могілках, у пачатку ХIX ст., Забэламі быў пабудаваны родавы пахавальны склеп. У 1905 г. над склепам усталявалі алтар і граф Сымон Забэла, за свае сродкі, пачаў будаўніцтва капліцы, пабудову якой скончылі ў 1907 г. Капліца была збудавана з цёсанага каменя, а алтар, свяцільні, канфесіянал і ўсё ўнутранае афармленне было выканана з чорнага дубу, што надавала капліцы строгі і жалобны выгляд. У капліцы меўся нават арган, які быў прывезены з Прагі.
Прамавугольны ў плане будынак капліцы пад двухсхільным дахам мае архітэктурныя рысы адпаведныя стылю мадэрн. Зала асвятляецца 2 бакавымі стральчатымі вокнаміі, над гэтакім жа стральчатым уваходам у капліцу з галоўнага фасада у франтоне маецца круглая люкарна. Прыкладна над 6 пахаваннямі ў склепе ў падлогу капліцы, выкладзенай чорна-белай кафляй, умураваны надмагільныя пліты з чорнага граніту.
Наўкол пахавальні, а затым і капліцы, з канца ХVIII, да пач. ХХ ст.адбыліся дзесяткі пахаванняў каталікоў з суседніх вёсак і фальваркаў. На здымку ў выданні 1912 г. пад рэдакцыяй кс. Я. Жыскара “Nasze kościoly” відаць, што перад капліцай усталявана мноства надмагільных драўляных крыжоў.
Вонкавы і ўнутраны стан капліцы ў апошнія гады наблізіўся да аварыйнага. Унутраны інтэр’ер не мае і знаку ад колішняй аздобы, тынк са сценаў абваліўся амаль поўнасцю. З-за адсутнасці даху пачалі вывальвацца камяні, асабліва з верхніх ярусаў і франтона. Відаць, што пахавальны склеп пад капліцай неаднаразова ўскрываўся. З расповядаў мясцовых жыхароў вынікае, што асаблівы глум над пахаваннямі ўчынілі ў пачатку 1960-х гадоў т. зв. шабашнікі, якія праводзілі ў гэтай мясцовасці электрычнасць. Паквапіўшыся на магчымую наяўнасць у пахавальні золата ды срэбра, яны ўзарвалі ў двух месцах падлогу капліцы і разрабавалі труны. У выніку гэтага вандалізму адна надмагільная пліта правалілася, другая вывернута і напаўзаглыблена ў падлогу, а пралазы ў сутарэнне прысыпаны ўсялякім друзам. Ад шматлікіх даўняшніх каталіцкіх пахаванняў перад капліцай, апрача некалькіх помнікаў ды надмагільных камянёў, нічога не засталося. Да таго ж выглядае, што дзве магілы пахаванняў Забэлаў таксама былі разрабаваны, бо масіўныя гранітныя надмагіллі вырытыя з зямлі былі абы як ссунуты – падобнае можна ўбачыць на многіх старых могілках па ўсёй Беларусі.
Справа адратунку ўнікальнай капліцы вельмі турбавала жыхара суседняй з Ізюмава вёскі Пад’ясенка, доктара Віктара Віктаравіча Голуба, практыкуючага парафіяніна бабруйскай рыма-каталіцкай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Улетку 2006 г. спадар Віктар запрасіў наведаць капліцу пробашча парафіі ксяндза Юрыя Быкава. Ксёндз Юрый, ацаніўшы рэлігійную значнасць пабудовы і яе архітэктурную вартасць, прыняў рашэнне аб рамонце святыні. Адначасна было вырашана спалучыць пачатак аднаўленчых работ з правядзеннем ў Ізюмаве хрысціянскага каталіцкага летніку для дзяцей і моладзі бабруйскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Спецыялісты Бабруйскага камбіната жалезабетонных вырабаў, якіх пробашч азнаёміў з аб’ектам, прапанавалі план паэтапнага вядзення рамонтных работ, перад усім было намечана накрыць капліцу дахам.
І вось надышоў так чаканы дзень – пасля стараннай і складанай падрыхтоўкі, асабліва клопату хапіла кс. Юрыю, 13 жніўня ў Ізюмава прыехалі ўдзельнікі каталіцкага моладзевага летніку. Узяць удзел летніку пажадалі 15 чалавек дзяцей і моладзі з Бабруйска і 2 юнакоў з каталіцкіх парафій Мінска. Размясціліся ўсе ў хаце непадалёк ад могілак. Праца летніку распачалася св.Імшой пад скляпеннямі знявечанай капліцы. Вельмі хвалюючай была гэта Імша для ўсіх прысутных на ёй – Імша перамогі і ўзвышэння Божай праўды над людской зламыснасцю. І летнік зажыў сваім працоўным і духоўным жыццём, у якім галоўный стала малітва рук і сэрцаў. Праца па ўпарадкаванні капліцы і гістарычнай часткі могілак чаргавалася з канферэнцыямі, якія праводзіў кс. Ю. Быкаў, разважаннем над Святым Пісьмом, набажэнствамі Крыжовага Шляху, Вяночкам да Божай Міласэрнасці і Ружанцовай малітвай.
“…Час раскідаць камяні і час збіраць камяні” (Экл. 3.5). Такою ўжо ёсць дадзенасць хрысьціянскага шляху, што на жыццёвай пуцявіне даводзіцца збіраць і парадчыць камяні шкоды і зла, раскіданыя іншымі. На старадаўнім могільніку бабруйская моладзь сутыкнулася з гэтым у самым прамым сэнсе. Ёй прыйшлося прыбіраць чужое смецце, зваленае ў капліцу і на звекавалыя пахаванні, напраўляць паваленыя і параскіданыя ліхадзеямі даўнія помнікі і надмагіллі, высякаць ды выкарчоўваць зараснікі дрэў і кустоўя вакол камяніцы і на яе даху. Бяды на могілках нарабіла бура, якая пранеслася над мясцінай у ліпені. Распілоўваць буралом бензапілой дапамог бабруйскі парафіянін Юрый Грынявецкі. А вось зычлівы чалавек, мясцовы жыхар Аркадзь Бокач, завітаў на могілкі акурат у той момант, калі прыкладаліся безвыніковыя высілкі, каб перасунуць самую вялікую адрынутую надмагільную пліту з чырвонага граніту. Дзякуючы кемлівасці сп. Аркадзя наступныя супольныя намаганні далі плён. Шмат якімі справамі спрычыніліся паспяховай дзейнасці летніку сп. Віктар Голуб і сп. Сяргей Валяваты. А брыгада майстроў з камбіната жалезабетонных вырабаў аператыўна і прафесійна справілася з работамі па ўстаноўцы крокваў і іх лачанні пад далейшае дахавае пакрыццё.
18 жніўня, у апошні дзень хрысціянскага каталіцкага летніку, на магутнай старадаўняй капліцы быў усталяваны крыж, як знак жаданай мэты шасці дзён руплівай працы дзяцей, моладзі і дарослых, як знак вяртання страчанай святыні ў скарбніцу вялікай духоўнай і культурнай спадчыны каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Вядома, тое што зроблена гэта хоць і важны, але першы крок. Далейшыя захады па аднаўленню капліцы прадугледжваюць пакрыццё даху (магчыма металадахоўкай), устаноўку дзвярэй і вокнаў, кансервацыю пахавальнага склепу і ўнутраны рамонт. Было б няблага, каб распачатую вернікамі справу падтрымала мясцовая ўлада, пакуль такі намер ёсць. Сп. Аляксандр Забалоцкі, старшыня Сычкаўскага сельсавета, на тэрыторыі якога знаходзіцца в. Ізюмава, сказаў, што быў у Мосары на Глыбоччыне і бачыў, якая там дагледжанасць і прыгажосць. Узрушаны працай моладзі, Аляксандр Васільевіч паабяцаў кс. Юрыю, што сіламі сельсавета будуць спілаваны вялізныя сухастоіны ля капліцы і наведзены парадак на прылеглай да могілак тэрыторыі, каб з часам можна было да ўнікальнай капліцы і турыстаў прывезці. А чаму б і не, не здарма раней казалі: ”Працуй пільна, дык і дома будзе Вільня”.
Віктар Маліноўскі, парафіянін, для часопіса “Ave Maria”.