Святло Маці Божай Бялыніцкай.

10

24 верасня адбылася аднадзённая пілігрымка парафіян з Бабруйска ў Бялынічы. Амаль два дзясятка чалавек накіраваліся ў васточным напрамку, каб схіліць галовы перад Бялыніцкім абразом Матачкі Божай.

Дарэчы, абраз гэты (дакладней, яго копія) працярпеў шмат выпрабаванняў, пакуль не знайшоў, спадзяемся, канчатковы прытулак у капліцы, у якой зараз збіраюцца на малітву бялыніцкія каталікі. Будынак гэты – жылы дом, які быў набыты ў 1995г. стараннямі кс. Караля Тамэцкага і парафіянаў. Сёлета ў ім былі праведзены рамонтныя працы, і са звычайнай драўлянай хаты ён пераўтварыўся ва ўтульную каплічку, дзе ў свеце, які льецца з вокнаў, кожны чалавек мае магчымасць адчуць прыстунасць Божай Міласэрнасці.

Вядома, маленькая каплічка не змагла ўмясціць пілігрымаў з усёй Мінска-Магілёўскай дыяцезіі, а таксама гасцей з іншых дыяцэзій. Таму на Святую Імшу сабраліся на двары, дзе рукамі гаспадароў усе было разумна прыгатавана для сустрэчы (як расказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі, за некалькі дзён двор, завалены да гэтага розным будаўнічым матэрыялам, літаральна пераўтварыўся – і ў гэтым таксама ёсць дапамога Маці Божай!)

Цэлэбраваў Імшу біскуп Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі.

У гаміліі, разважаючы над Божым словам, іерарх згадаў пра велічныя справы Божага Провіду ў тым, што не пакінуў вернікаў без апекі, пасылаючы знакі сваёй прысутнасці ў розныя месцы праз цудоўныя аб’яўленні Божай Маці.

Разам з усімі, бабруйчане шчыра маліліся і прасілі Нябесную Заступніцу аб аднаўленні і ўсталяванні духоўнага жыцця ў нашай краіне, а таксама і на Магілёўшчыне.

На заканчэнні Імшы біскуп Алег асвяціў капліцу. Затым вернікі розных парафій зноў сабраліся на двары, каб падсілкавацца смачнай гарбатай ды падзяліцца сваімі уражаннямі. Дарэчы, пробашч бялыніцкай парафіі кс. Віталь Маргуноў – родам з Бабруйска. Таму нашы пілігрымы з радасцю прывіталі свайго зямляка. Таксама і іншых святароў, якія некалі працавалі ў нашай парафіі, ці проста наведвалі касцёл у Бабруйску.

Дамоў вярталіся ўжо прыцемкам, але Святло, атрыманае перад абразом Маці Божай Бялыніцкай, асвячала нам дарогу дамой. Спадзяемся, святло і заступніцтва Найсвяцейшай Панны таксама давядзе нас і да Жыцця Вечнага.

Даведка. Бялыніцкі абраз — другі па ліку пасля абраза Маці Божай Жыровіцкай на тэрыторыі Беларусі, які быў ушанаваны папскімі каронамі. Каранацыя абраза ў Бялынічах адбылася ў 1761 годзе.

Паводле гістарычных звестак, у ХVІІІ–ХІХ стст. абраз, якi знаходзiўся ў мясцовым касцёле кармэлiтаў абутых, збіраў пілігрымаў усiх хрысцiянскiх канфесiй. Існавала таксама кніга, у якой запісваліся цуды за 1725–1836 гг. У гады вайны абраз захоўваўся ў Магiлёўскiм абласным краязнаўчым музеі, адкуль знiк, і да сёння яго месцазнаходжанне невядома.