Святы Айцец: «Ісці на святую Імшу — быццам уздымацца на Кальварыю»

125

«Святая Імша робіць нас удзельнікамі перамогі Хрыста над грахом і смерцю і надае поўны сэнс нашаму жыццю», — адзначыў папа Францішак 22 лістапада падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных Эўхарыстыі, Пантыфік нагадаў, што св. Імша — гэта не нейкі ўспамін пра падзеі мінулага — у літургічнай цэлебрацыі гэтыя падзеі набываюць рэальную прысутнасць у цяперашнім часе.

«Менавіта так Ізраіль разумее сваё вызваленне з Егіпта: кожны раз, калі святкуецца Пасха, падзеі Зыходу прысутнічаюць у памяці вернікаў, каб тыя суадносілі з імі сваё жыццё (ККК, 1363). Езус, праз сваю муку, смерць, уваскрасенне і ўнебаўшэсце давёў да спаўнення Пасху, і св. Імша — гэта ўспамін Яго Пасхі, Яго “зыходу”, які Ён здзейсніў для нас, каб дазволіць нам выйсці з няволі і ўвайсці ў абяцаную зямлю вечнага жыцця. Гэта не проста ўспамін, але нешта большае: гэта актуалізацыя таго, што адбылося дваццаць стагоддзяў таму», — сцвердзіў Папа.

Па словах папы Францішка, удзельнічаць у св. Імшы, асабліва ў нядзелю, значыць уваходзіць у перамогу Уваскрослага, быць асветленымі Яго святлом і сагрэтымі Яго цяплом. «Праз эўхарыстычную цэлебрацыю Святы Дух робіць нас удзельнікамі Боскага жыцця, здольнага перамяніць усю смяротную істоту. У сваім пераходзе ад смерці да жыцця, ад часу да вечнасці, Пан Езус вядзе нас за Сабой, каб ажыццяўляць Пасху. У св. Імшы здзяйсняецца Пасха. Падчас св. Імшы мы прабываем з Езусам, памерлым і ўваскрослым, і Ён вядзе нас за Сабой наперад, да вечнага жыцця. У св. Імшы мы лучымся з Ім. Больш за тое, Езус жыве ў нас і мы жывём у Ім», — сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што кроў Хрыста вызваляе нас ад смерці і страху перад смерцю. Пры гэтым яна робіць нас вольнымі не толькі ад панавання фізічнай смерці, але таксама смерці духоўнай, якой з’яўляецца зло, грэх, у выніку чаго наша жыццё становіцца «брудным, губляе прыгажосць і значэнне, марнее».

«Пасха Хрыста — гэта канчатковая перамога над смерцю, бо Ён перамяніў сваю смерць у найвышэйшы ўчынак любові. Памёр дзеля любові! І ў Эўхарыстыі Ён жадае пераказаць нам гэту сваю пасхальную, пераможную любоў. Калі прымем яе з верай, таксама і мы зможам па-сапраўднаму любіць Бога і бліжняга, зможам любіць як і Ён палюбіў нас, даючы жыццё», — сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што, маючы ўнутры сябе Хрыстовую любоў, можна цалкам дарыць сябе іншаму чалавеку, з унутранай упэўненасцю ў тым, што нават калі ён нас параніць, мы не памрэм. У адваротным выпадку прыйдзецца бараніць сябе.

«Мучанікі далі сваё жыццё менавіта маючы гэту ўпэўненасць у перамозе Хрыста над смерцю. Толькі калі спазнаем гэтую моц Хрыста, моц Яго любові, будзем па-сапраўднаму свабоднымі, каб дарыць сябе без страху», — сцвердзіў ён.

«Менавіта гэтым з’яўляецца св. Імша — уваходам у муку, смерць, уваскрасенне і ўнебаўшэсце Езуса. Калі ідзём на св. Імшу — мы быццам ідзём на Кальварыю. Падумайце толькі: калі ўздымаемся на Кальварыю — уявіце сабе, — і ведаем, што тым чалавекам на крыжы з’яўляецца Езус, ці дазволім сабе гутарыць, фатаграфаваць, рабіць шоў? Не! Таму што тут прысутны Езус! Безумоўна, мы б стаялі ў маўчанні, у слязах, але і з радасцю, таму што мы збаўлены. Калі ўваходзім у касцёл, каб цэлебраваць святую Імшу, падумаем пра гэта: уваходжу на Кальварыю, дзе Езус аддае сваё жыццё за мяне», — сказаў Пантыфік.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі папа Францішак нагадаў, што 22 лістапада ў Касцёле адзначаецца ўспамін святой Цэцыліі, апякункі касцёльнай музыкі. Ён заклікаў вернікаў, гледзячы на яе прыклад, узрастаць у веры і служэнні бліжнім, адчуваць падтрымку Хрыста ў моманты пакут, а таксама любіць, не ставячы для гэтага ніякіх умоў. «Памолімся ўсе да святой Цэцыліі, каб навучыла нас спяваць ад усяго сэрца, каб навучыла нас радаснаму спеву збаўлення», — заахвоціў Папа.
Catholic.by