Святыня, якой не бачна: каталіцкія іерархі — пра лёс касцёла ў Бабруйску

1606

Адным з пытанняў, якое 19 снежня на каляднай прэс-канферэнцыі ў Мітрапалітальнай курыі паднялі журналісты, стаў далейшы лёс касцёла ў Бабруйску.

На сёння касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску — адзіная каталіцкая святыня ў горадзе.

Нябачная святыня

У 1968 годзе па даручэнні савецкай улады да касцёла ў Бабруйску быў дабудаваны пяціпавярховы будынак. Пры яго ўзвядзенні была разбурана галоўная вежа касцёла, якая да сённяшняга часу не адноўлена.

Так сёння выглядае гібрыд касцёла і прыбудаванага пяціпавярховіка

Пяціпавярховы гмах цалкам закрывае сабой фасад святыні, ды так, што не адразу і здагадаешся, што за ім — будынак касцёла.

Паводле слоў дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB, справа з бабруйскім касцёлам «цягнецца ўжо даўно» і пакуль у ёй так і не ўдалося знайсці кампрамісу.

Ліст Прэзідэнту Беларусі

Іерарх дадаў, што падчас пастырскай візітацыі, наведваючы бабруйскую парафію, сустракаўся з прадстаўнікамі гарадской улады і абмяркоўваў вяртанне святыні яе першаснага выгляду.

 

«Каталіцкая супольнасць гатовая сама за ахвяраванні вернікаў аднавіць першапачатковы фасад касцёла. Але мы просім уладу, якая ў савецкі час знесла касцёльную вежу і забудавала яе пяціпавярховым будынкам, разабраць гэту прыбудову.

Вернікі ўжо напісалі адкрыты ліст Прэзідэнту Беларусі з просьбай паспрыяць у гэтай справе, — адзначыў біскуп. — Мы не стаім на месцы і імкнёмся зрабіць усё магчымае, каб вярнуць касцёлу яго першасны выгляд».

Які лёс бабруйскага касцёла?

Як адзначыў біскуп Яшэўскі, на сёння з боку дзяржавы ёсць тры варыянты вырашэння сітуацыі:

«Першы варыянт — Касцёл купляе гэты будынак і сам яго аднаўляе. Другі варыянт — Касцёл праз суд просіць вярнуць сакральнаму будынку яго першасны выгляд. Варыянт трэці — зрабіць у касцёле асобны ўваход і не карыстацца адзіным на сёння ўваходам праз пяціпавярховік».

Біскуп жа лічыць, што найлепшым варыянтам стаў бы знос дзяржавай прыбудаванага калісьці пяціпавярховіка і аднаўленне Касцёлам галоўнай вежы святыні.

«Варыянт з новым уваходам нельга ўспрымаць сур’ёзна, — абураецца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Як там можна зрабіць уваход? Прабіць  сцяну ў гістарычным будынку? Праз дах мы таксама ў касцёл не палезем.

Касцёльны будынак — гэта не толькі гісторыка-культурная, але і сакральная каштоўнасць. Касцёл у Бабруйску — яшчэ выдатная славутасць для турыстаў. Трэба толькі аднавіць знесеную вежу, на месцы якой сёння пяціпавярховік, якога мы не будавалі.

Спадзяюся, у нашым урадзе знойдуцца людзі, якія дапамогуць вырашыць гэту праблему. Касцёл і дзяржава павінны разам прыйсці да разумнага рашэння. І гэту працу трэба пачынаць ужо сёння, бо заўтра можа быць позна».

У сваю чаргу біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падкрэсліў, што католікаў у Бабруйску шмат і ім не ўсё роўна наконт лёсу гэтай святыні:

«Адноўлены касцёл стаў бы сапраўднай архітэктурнай жамчужынай для горада. Каталіцкая супольнасць у Бабруйску вельмі жывая і шматлікая, яна развіваецца вельмі дынамічна — мы нават думаем пра заснаванне яшчэ адной парафіі…»

Іерарх дадаў, што аднаўленне гістарычнай спадчыны — балючая тэма для Магілёўшчыны, дзе была зруйнавана вялікая колькасць касцёлаў і кляштараў. «Тым не менш гэта нагадвае пра тое, наколькі моцным і прысутным быў на Магілёўшчыне Каталіцкі Касцёл», — дадаў біскуп.

https://catholic.by/3/news/belarus/7195-svyatynya-yakuyu-nyabachna-katalitskiya-ierarkhi-pra-ljos-kastsjola-babrujsku