Трэці Калядны баль прайшоў у Бабруйску

535

Ідэя праводзіць на Божае Нараджэнне балі для парафіян належыць сястры-дамініканцы Аўгустыне, што да 2017 года працавала ў Бабруйску. Тры гады таму яна з дапамогай магілёўскай сям’і Валаховічаў арганізавала першы Калядны баль.

Вячаслаў і Алена Валаховічы — стваральнікі і кіраўнікі дабрачыннага фонда ў абарону жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы». Яны праводзяць балі ў падтрымку сем’яў па ўсёй Беларусі.

У гэтым годзе парафіяне вырашылі працягнуць традыцыю, закладзеную сястрой Аўгустынай, і самі сіламі арганізаваць танцавальную сустрэчу.

Як распавяла саарганізатарка балю Галіна Паўленка, на імпрэзе сабраліся сем пар. І хоць разлік быў на большую колькасць удзельнікаў, як у папярэднія гады, але і ў невялікай кампаніі атрымалася стварыць добрую і ўтульную атмасферу.

«Пары былі вельмі актыўнымі, маладымі і вясёлымі, увесь час смяяліся і жартавалі, і ў нейкі момант здалося, што яны запоўнілі ўсю вялізную залю», — зазначыла Галіна.

Баль праходзіў у рэстараны «Чырвоны дракон», што насупраць касцёла.  Першая частка вечарыны была прысвечаная класічным танцам, якія ўдзельнікам дапамагалі вывучыць Алена Валаховіч і харэёграф з Магілёва Алена Кракасевіч. Потым быў перапынак, падчас якога госці змаглі атрымаць асалоду ад размоваў і смачнага абеда.

Другая частка была крыху больш актыўнай за першую і прайшла ў дыскатэчнай атмасферы, але фармат балю быў вытрыманы да самага канца, падкрэсліла Галіна.

Напрыканцы баля сястра Наталля і Галіна Паўленка ўручылі прызы пераможцам у некалькіх намінацыях: «Самая падрыхтаваная пара» — Сяргею і Наталлі Сямёнавым, «Самая вясёлая пара» — Антону Зайцаву і Святлана Шкадровіч і «Самая старанная пара» — Віктару і Юліі Вашчыла з Клічава.

«Вельмі хочацца захаваць традыцыю правядзення Калядных баляў, каб такіх цудоўных падзей у жыцці парафіі было нашмат болей», — выказала пажаданне Галіна Паўленка.