У Свята Аб’яўлення Пана бабруйскія каталікі ламаліся аплаткам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім

1547

6 студзеня Касцёл адзначае Свята Аб’яўлення Пана. Інакш яго называюць яшчэ “эпіфаніяй” (ад грэчаскага “аб’яўленне”) ці Свята Трох каралёў ці мудрацоў. Апошняя назва паходзіць ад таго, што ў гэты дзень нованароджанага Езуса наведалі мудрацы з Усходу і прынеслі Яму свае дары – золата, кадзіла, міра.

Сёлета, як і ў мінулым годзе, Святую Імшу ў Свята Аб’яўлення ў бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідэыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Яго Эксцэленцыя звярнуўся да бабруйскіх вернікаў з гаміліяй. На пачатку ён запытаўся ў бабруйчан, хто ж самы першы пакланіўся Езусу? І былі гэта зусім не мудрацы. Да іх гэта зрабілі бацькі – Марыя і Юзэф. Менавіта таму яны часта паказваюцца на каленях перад Немаўляткам.

Наступнымі пасля Марыі і Юзэфа, нованароджанаму Езусу пакланіліся анёлы, заспяваўшы Гімн хвалы. І толькі потым прыйшлі мудрацы.

Біскуп Аляксандр патлумачыў сэнс Свята Аб’яўлення Пана, а таксама назвы “Тры каралі (мудрацы)”. Ён падкрэсліў, што тры – лічба ўмоўная, і зусім неабавязкова, што ля стаенкі з немаўлём Езусам іх сапраўды было толькі тры. Гэтая лічба, згодна з хрысціянскай традыцыяй, азначае Божае збаўленне. Біскуп Аляксандр узгадаў, што ў сірыйскай  і армянскай традыцыях, напрыклад, гаворыцца пра дванаццаць мудрацоў. А паводле коптаў (егіпецкая традыцыя) іх было ажно шэсцьдзесят.

Казаў біскуп Яшэўскі і пра яшчэ адзін сімвал Нараджэння і Аб’яўлення Езуса Хрыста – бэтлеемскую зорку. Яго Эксцэленцыя нагадаў, што зорка першапачаткова прывяла мудрацоў не да Немаўляці Езуса, а да Ірада. Бо багатыя госці з Усходу разважалі паводле чалавечай логікі – калі нарадзіўся абяцаны Цар Юдэйскі, то дзе ж гэта яшчэ магло адбыцца, як не ў каралеўскім палацы? Таму і пайшлі шукаць Езуса да Ірада. Яны не зразумелі Божай логікі, паводле якой сапраўдны Кароль, Бог, можа нарадзіцца ў беднай стаенцы, на сене, сярод жывёлаў. Гэтая гісторыя падказвае нам, што каб знайсці Бога, трэба кіравацца не толькі розумам, а часта і ўвогуле ісці насуперак яму, і слухаць, што нам кажуць Божае Слова і нашая вера.

Напрыканцы Святой Імшы, пасля словаў падзякі за супольную малітву, біскуп Яшэўскі сказаў бабруйчанам, што яго настолькі ўразілі парафіяльны хор і прыгажосць Імшы, што з’явілася ідэя зрабіць тэлевізійную трансляцыю з бабруйскага касцёла на Пасхальную Вігілію. Пра гэта ён будзе размаўляць з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам.

Пасля Святой Імшы Яго Эксцэленцыя выйшаў да парафін з аплаткам, каб скласці адзін аднаму віншаванні і зычэнні з нагоды святаў Божага Нараджэння і Аб’яўлення. Адным з першых пажаданняў вернікаў біскупу і сабе было, каб нарэшце нашая святына набыла свой гістарычны годны выгляд. Аляксандр Яшэўскі на гэта адказаў, што ён бачыць, як з кожным годам бабруйскі касцёл становіцца усё лепшым і прыгажэйшым унутры, і аднойчы займее такі ж вонкавы выгляд, але галоўнае ўсё ж – людзі, парафіяне і прыгажосць іх сэрцаў.