Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
Бог прыходзіць у гэты свет!
Ён нарадзіўся ў беднай сялянскай стайні. Было студзёна. Але найбольшая сцюжа сыходзіла ад людскіх сэрцаў, што не захацелі прыняць Яго ў цёплы дом. Калі б не добрыя, гарачыя сэрцы Найсвяцейшай Маці і святога Юзафа…
Як жа гэта важна, каб знайшлося хоця б адно спагаднае сэрца! А потым абавязкова адкрыюцца вочы і сэрцы яшчэ ў кагосці, і яшчэ, і яшчэ…. Езус заклікае нас: будзьце пільныя, не замыкайце сваіх сэрцаў, узірайцеся ў неба, каб не праспаць зоркі, якая прывядзе вас на самую важную сустрэчу!
У кожнага дзіцяткі ёсць тыя, хто яго нарадзіў. Менавіта на гэтым трэба зрабіць акцэнт сёння, калі нашыя сэрцы прагнуць дачыніцца да вялікай радасці сустрэчы з Нованароджаным Немаўляткам Езусам, нашым Збаўцай; калі зноў запальваюцца калядныя елкі, гучаць радасныя спевы, рыхтуюцца падарункі. Маленькае Дзіцятка ў Бэтлеемскай стайні падкрэслівае вечную каштоўнасць і святасць кожнай сям’і – той самай чалавечай калыскі, з якой бяруць пачатак ўсе шляхі свету. І калі апоўначы ўкленчым перад святочнымі яселькамі, давайце даверым Пану Богу ўсё, што сёння перажываем мы і нашыя родныя людзі. Бо дзе ж, як не ў сям’і, нас зразумеюць і дапамогуць зберагчы ў нашых душах трапяткі агенчык Божай любові? Няхай же і наша Бацькаўшчына — Беларусь — стане краiнай сапраўднага праслаўлення Бога праз захоўванне Яго закону i жыцця згодна з маральнымi нормамi. Няхай у ёй запануе Божы спакой, узаемная згода i паразуменне!
Няхай моцная вера, трывалая надзея і непагасная любоў паселяцца ў нашых сэрцах і ў кожным доме, як некалі гэта здарылася ў сціплай Бэтлеемская стайні!
Радасных, шчаслiвых святаў, поўных Божай ласкi i прысутнасцi Хрыста, i шчаслiвага наступаючага Новага года.
Ад усяго сэрца, пробашч касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску ксёндз канонік Андрэй Яркавец.
РАСКЛАД СВЯТОЧНЫХ ІМШАЎ НА БОЖАЕ НАРАДЖЭННЕ Ў БАБРУЙСКУ
24.12, чацвер – 22.00 — ВІГІЛІЯ НАРАДЖЭННЯ ПАНА
25.12, пятніца – 11.00 — УРАЧЫСТАСЦЬ НАРАДЖЭННЯ ПАНА
Святочны канцэрт з дзелам дзетак з нагоды Нараджэння Пана
25.1, пятніца – 14.00