Віншаванне парафіян з Нараджэннем Пана.

229

Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце і ўсе людзі добрай волі!

У ціхі і цёмны вечар адбылося найвялікшае здарэнне ў чалавечай гісторыі – “Слова сталася Целам і пасялілася між намі”.

Ягоная моц была не ў бразгаце зброі і не ў звоне золата, але ў дзіцячай нявіннасці і Божай чысціні. Ягоная Любоў змяніла лёс кожнага з нас, а Ягонае Нараджэнне вярнула Рай у чалавечыя сэрцы.

Няхай у гэты Святы Вечар адкрыюцца нашыя вочы і ўбачаць Малое Дзіцятка ў кожным чалавеку, што ідзе побач праз цемру да вечнасці.

Няхай жа Вашыя сэрцы напоўняцца супакоем і чысцінёю, няхай забуяе радасная надзея на Адраджэнне ў Святле. І няхай душы нашыя напоўніць голас нябесных моцаў: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой, у людзях упадабанне!”

Хрыстос нараджаецца! Слаўце Яго!

Пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску ксёндз-канонік Андрэй Яркавец.