У адным з вершаў прысвечаным касцёлу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску ёсць такія словы: “За мурамі грэху ёсць святыня, што зазнала недаверкаў здзек, а ў святыні той абраз Марыі над якой не меў улады грэх”.
Жахлівая асаблівасць гожага неагатычнага касцёла – фасад, убудаваны ў пяціпавярховы адміністратыўны будынак, які засціць святыню нібы мураваная праява злога супраціву чынам Маці Хрыстовай у задуме і справе збаўлення, яе цнотам і святасці, яе аб’яўленням і цудам, яе прысутнасці і трыумфу ў нашым жыцці. І калі б толькі “архітэктурныя”ліхасці – выправіць іх хоць і складана, але можна, нашмат страшней і непапраўней людская ўсвядомленая варожасць і зневажанне Той, ”…Якая пры звеставанні ад Анёла, прыняла сэрцам і целам Слова Бога і прынесла свету Жыццё, вызнаецца і ўшаноўваецца як праўдзівая Маці Бога і Адкупіцеля”(СН 53).
Неаспрэчна тое, што вычварная, і адначасна прымітыўная хлусня пра Панну Марыю шматлікіх неапратэстанцкіх “прапаведнікаў” мае прыроду з людской грэшнасці, а Марыйныя праўды Касцёла паходзяць са святасці аб’яўленняў Божых. Фацімская вестка Багародзіцы пра трыумф Яе Беззаганнага Сэрца, хоць і праз дзевяноста год, ўжо пераступае парог Бацькаўшчыны, стукаючы ў сэрцы беларусаў. А заступніцтва, ўдзел і асаблівыя ласкі Маці Божай у паважных справах і адметных падзеях, якія адбаваюцца ў жыцці і дзейнасці рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі, мае ўжо безліч сведчанняў. Да благаслаўлёнай хронікі такіх падзей можна далучыць і адну з апошніх — святкаванне ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі у аднайменным бабруйскім касцёле 9 снежня 2007 г. У гэты дзень са сваім першым у годнасці Мітрапаліта візітам да бабруйскай паствы і Беззаганнай Мадонны завітаў Яго эксцэленцыя арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Прывітаць архіпастыра і перажыць канцэлебраваную ім Эўхарыстыю прыйшлі сотні вернікаў бабруйчан, прыехалі каталікі з вакольных вёсак. Цікаўнасць да асобы новапрызначанага Мітрапаліта прывяла ў святыню дзесяткі пажылых і маладых іншаканфесійных жыхароў Бабруйска. Прысутнічалі прадстаўнікі ўлады ды журналісты і фотакарэспандэнты ўсіх мясцовых газет.
Усюдыісныя фотакоры былі першымі ўражаны зычлівасцю арцыбіскупа Тадэвуша, калі ён пачаў благаслаўляць маленькіх дзетак, якія стаялі перад уваходам у перапоўнены касцё, а затам архіпастырскае благаслаўленне ўзрушыла грамаду ўсіх прысутных у перапоўненым касцёле. Распачатую и цэлебраваную арцыбіскупам святую Імшу разам з ім канцэлебравалі бабруйскі дэкан айцец Натанаэль Войтала OFM, пробашч парафіі кс. Юры Быкаў, кс. доктар Ян Крэміс, кс. Анатоль Парахневіч і кс. Канстанцін Карака. Пранікнёная і палямяная казань Мітрапаліта, была акцэнтавана на догмаце пра Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі. «Што мы можаць узяць з гэтай праўды нашай веры, абвешчанай 153 гады таму ў Апостальскім лісце Папы Пія IX Ineffabilis Deus? Мы прыйшлі ў гэты свет у стане граху, — сказаў Мітрапаліт. — Але Бог пакінуў нам Касцёл, святыя сакрамэнты, найважнейшы з якіх — сакрамэнт cвятога Хросту, калі Бог вадою і Духам Святым змывае з нас першародны грэх, і мы становімся святыняю Духа Святога». Гамілія Мітрапаліта дазволіла многім перажыць моманты ўнутранага сузірання велічнай таямніцы непарушнай святасці Маці Хрыстовай і Маці Касцёла. Было бачна, як словы Дабравесця, якое прамаўляў Яго эксцэленцыя, кранулі і паглынулі нават тых , хто прысутнічаў на ўрачыстасці адно з простае цікаўнасці. Знаходзячыся пад уплывам казані журналісты гарадскіх выданняў у сваіх рэпартэжах з урачыстасці падалі шматлікія выказванні арцыбіскупа, не ўстрымліваючыса ад захаплення.Такое свецкая бабруйская прэса дазваляе сабе не часта. Хочацца працытаваць тут некалькі радкоў з аднаго артыкула:”…Станоўчая энергія зыходзіла ад алтара… Асабіста мне Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч векльмі спадабаўся. Чалавек адкрыты, з пачуццем гумару. Харызма – на зайздрасць”.
Напрыканцы ўрачыстай святой Імшы пробашч і вернікі скіравалі да Мітрапаліта шматлікія пажаданні і ўдзячнасць за малітву архіпастыра і адраджэнне святыні ў Бабруйску. Вельмі сімвалічна прагучалі словы аднаго маладога чалавека пра тое, што 17 гадоў таму, калі адбылося вяртанне касцёла ў Бабруйску, ён быў яшчэ маленькім, а многіх не было на свеце, а сёння яны ўсе разам моляцца ў адрэстаўраванай святыні, перапоўненай людзьмі.
Завяршаючы шчодрую на ласкі ўрачастасць Беззаганнай, Яго эксцэленцыя, уважаючы стан бабруйскага касцёла, выказаў перакананне, што веру ў Езуса Хрыста немагчыма забудаваць, забараніць, заняволіць. І як бы ні запавольвала яе ўсялякае зло, веру – не стрымыць!
Віктар Маліноўскі, парафіянін,
г. Бабруйск.