Вялікі Вінцэнт Беларусі

1880

Ёсць у нашай Бацькаўшчыны сыны і дочкі імёны якіх, вяртаючыся і паўстаючы з даўніны і таямніцы, мацнеюць і трывалеюць у сённяшняй культурнай бытнасці і духоўным жыцці краіны. Адным з першых у грамадзе гэтых імёнаў яснее постаць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Паэт, драматург, перакладчык, знаўца нацыянальнай культуры і, урэшце, пачынальнік новай беларускай літаратуры.   Напэўна, ніводны з беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст. не пакінуў нашчадкам такой багатай і разнастайнай жанравай літаратурнай спадчыны, як   В. Дунін – Марцінкевіч. Кнігі беларускага дудара сталі творчым арыенцірам для беларускіх пісьменнікаў не аднаго пакалення. Пад уплывам В. Дуніна – Марцінкевіча пачалі пісаць Янка Купала, Алесь Гарун, Ядвігін Ш. і іншыя пісьменнікі пачатку ХХ ст. Сваёй літаратурнай працай асветнік унёс вялікі ўклад у выпрацоўку першых норм беларускай літаратурнай мовы, чым значна аблегчыў працу сваім паслядоўнікам па далейшым яе развіцці. Як піша адзін з даследчыкаў асобы і творчасці бела- рускага дудара Язэп Янушкевіч В. Дунін – Марцінкевіч быў адным з першых, хто выступіў на ніве новага беларускага пісьменства, усёй падзвіжніцкай дзейнасцю сцвярджаючы ідэю існавання айчыннай літаратуры на роднай мове і шмат у чым вызначаючы дэмакратычны характкр і напрамак яе далейшага развіцця. Трапіўшы пад ганенне з абодвух бакоў, афіцыйных улад і польскіх шляхецкіх шавіністаў, улічваючы трагічны вопыт папярэднікаў, братоў па духу і пяру, Дунін – Марцінкевіч пайшоў шляхам, па свойму мужным і цяжкім, здолеў зрабіць болей –заклаў трывалы падмурак нацыянальнай літаратуры новага часу.

Нарадзіўся В. Дунін – Марцінкевіч на Бабруйшчыне ў колішнім фальварку Панюшкавічы. Хрысцілі Вінцэнта ў бабруйскім парафіяльным касцёле. Пачатковую адукацыю будучы пісьменік атрымаў у павятовай школе  Бабруйска.

Працяглы час датай нараджэння Дуніна – Марцінкевіча было прынята лічыць 1807 г. Пра што шматкроць сведчылі і сучаснікі і блізкія да спадара Вінцэнта людзі. Але даследчык і гісторык беларускай літаратуры Генадзь Кісялёў адшукаў і апублікаваў метрычны запіс Бабруйскага парафіяльнага касцёла святых Апосталаў Пятра і Паўла аб хрышчэнні Вінцэнта. Запіс у метрычнай касцёльнай кнізе паведамляе наступнае : ”Года Божага 1808, студзеня 23 дня – Я, Ігнат – Якуб Даліва- Садоўскі, прэлат, кантар Мінскі, канонік Жытомірскай кафедры, доктар філасофіі, краснасельскі прбашч, ахрысціў адной вадой  дзеля небяспекі для жыцця дзіця, названае двума імёнамі Вінцэнт-Якуб, якое нарадзілася ў згаданы дзень. Сына яго міласці Яна Марцінкевіча, падчашага наваградскага, і Марцыяны з Нядзведскіх. Высакароднымі кумамі былі яго міласць Іпаліт Паўловіч з яе міласцю Юльянай Марцінкевічанкай,  дачкой падчашага наваградскага (старэй -шая сястра Вінцэнта ) “. Паводле новага стылю дзень нараджэння творцы адзначаецца 4 лютага.

Хаця  дар таленту Дуніна – Марцінкевіча расквітнеў не на Бабруйшчыне, бясспрэчна, што карані яго музы з бабруйскай зямлі. Гэта яе жыватворчыя сокі далі натхненне і моц яго творчай душы.

О, магіла бацькоў! – любых прдкаў сядзіба !

Я вітаю цябе,  мая родная скіба !

Я душою твае бачу ціхія нівы

І прыгадваю час – час мінулы шчаслівы !

Маладыя гады ў думках я ўспамінаю

Бо ўздыхаць на ўвесь свет не люблю, не жадаю…

…Што мне Вена, Мадрыд, што мне Лондан туманны,

Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!…

… Тут ёсць праўда і шчырасць, тут людзі з душою!

Тут бацькоў маіх прах пад сырою зямлёю!

(З вершаванага апавядання “Благаславёная сям’я”).

І ў Бабруйску шануюць памяць пра вялікага земляка. На жаль, не зусім годнае і адпаведнае значэнню асобы Дуніна – Марцінкевіча гэтае ўшанаванне… Непадалёк ад месца дзе калісці знаходзілася сядзіба Марцінкевічаў на прыдарожным валуне прымацавана гранітная дошка з наступным тэкстам “На гэтым месцы знаходзілася сядзіба, дзе ў 1807 г. нарадзіўся В. І. Дунін – Марцінкевіч, класік беларускай драматургіі”. Летась тэрыторыю вакол памятнага знаку прыпарадчылі, а прылеглую балацінку адгарадзілі ляшчынавым плятнём. Праз некалькі сот метраў ад валуна, на тэрыторыі лагеру адпачынку “Рамонак” уталявана бетонная стэла-помнік з профільнай выявай і надпісам “В.І. Дунін – Марцінкевіч”, але стан гэтага “помніка” страшэнны. У самім Бабруйску імя паэта і драматурга прысвоена тэатру драмы і камедыі. А замест гожага бронзавага помніка ў дзьве натуральныя велічыні, вырабленага да 180-годдзя пісьменніка, але так і не ўсталяванага і скрадзенага, пазней – да 190-ай гадавіны з дня нараджэння, праваруч увахода ў тэатр быў пастаўлены сціплы мармуровы бюст творцы.

Як сказаў у адным са сваіх вершаў Рыгор Барадулін: ”Жыццё лісцё, а памяць карані.” І як бы ні асцёбвалі нашыя вершаліны – карані нашай памяці прарастаюць!… Памятаючы пра прыналежнасць Дуніна – Марцінкевіча да Касцёльнай супольнасці, бабруйскія католікі вырашылі ўвекавечыць памяць пра яго хрост. Да таго ж 200-я гадавіна хрышчэння дзень у дзень супадае з 200-годдзем з дня народзінаў класіка.

Так сталася, што першы бабруйскі парафіяльны касцёл, пабудаваны ў 1615 г., у якім хрысцілі Вінцэнта-Якуба, не захаваўся.  Пасля моцнага панішчэння пажарам у снежні 1885 г. муры святыні разабралі ніжэй падваконняў, а праз некалькі год на яе магутным падмурку вайскоўцы гарнізону Бабруйскай крэпасці, на тэрыторыі якой касцёл апынуся ў пачатку 1812 г., пабудавалі двухпавярховы цагляны будынак, які выкарыстоўваўся імі да 2005 г. Зыходзячы з гэтых абставінаў пробашч бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Юры Быкаў прыняў рашэнне ўсталяваць мемарыяльную дошку у гонар слыннага парафіяніна ў дзеючым касцёле. З просьбай аб яе вырабе ксёндз Юры звярнуўся да вядомага беларускага скульптара Валяр’яна Янушкевіча. Спадар Валяр’ян зрабіў вельмі прыгожы і сакральны помны знак, які арганічна ўпісаўся ў нядаўна абноўлены інтэр’ер касцёла. Дошка выканана з зялёнага мармуру, у верхняй частцы змешчаны бронзавы медальён з рэльефнай профільнай выявай В. Дуніна – Марцінкевіча; ніжэй, на беларускай лацініцы, выгравіраваны пазалачоны тэкст “ Году Божага 1808, дня 4 лютага, у Бабруйску быў ахрышчаны Вінцэнт Дунін – Марцінкевіч”. Умацавалі дошку на бліжэйшай ад уваходу правай калоне, між цэнтральнай і бочнай навамі, а яе адкрыццё было ўключана ў спіс мерапрыемстваў па святкаванню 200-годдзя здня народзінаў В. Дуніна – Марцінкевіча. Сваю згоду на чын асвячэння мемарыяльнай табліцы даў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

І вось пагодлівым нядзельным днём, 3 лютага 2008 г., у пачатку святой Імшы аб 11-ай гадзіне, у перапоўненым вернікамі і гасцямі бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Яго Эксцэленцыя ксёндз арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пасля прынагоднай малітвы адкрыў і асвяціў мемарыяльную дошку ў гонар Вялікага Вінцэнта. Падчас палымянай казані ў час Імшы Яго Эксцэленцыя неаднаразова падкрэсліў значэнне асобы Дуніна – Марцінкевіча, як прыклад хрысціянскага служэння  грамадству і дбання аб спрадвечных, Богам дадзеных, каштоўнасцях. Мітрапаліт узгадаў словы Слугі Божага Яна Паўла ІІ, што культура паходзіць ад слова культ, якое азначае рэлігійнае служэнне. Сапраўдная культура стаіць на варце маральнасці, духоўнасці і справядлівасці. І творчасць Дуніна – Марцінкевіча стала ўзбагачэннем менавіта такой культуры. Арцыбіскуп Тадэвуш таксама выказаў думку, што дзяржава можа толькі тады смела глядзець у заўтрашні дзень, калі ў гэтай дзяржаве шануецца духоўная спадчына, мова і гістарычная памяць. Мітрапаліт, а за ім і ксёндз Юры Быкаў шчыра падзякавалі ўсім, хто спрычыніўся да з’яўлення і ўсталявання мемарыяльнай дошкі.

Выказваючы ксяндзу арцыбіскупу Т. Кандрусевічу словы ўдзячнасці за цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы сябра парафіяльнай рады сп. Ала Грахава, разам з маленькім парафіянінам Вадзікам, пранікнёна прачыталі верш  В. Дуніна – Марцінкевіча прысвечаны Бібліі “Дзіця і маці”:

Скажы, прашу, мне, мама дарагая,

Чаму і ўстаўшы й позняю парою

Штодзённа на каленях Бога мы благаем,

Гаворым пільна пацеркі з табобю?…

 

…Ён сонца мо ўзняў на нябёс скляпенне

І зоркамі багата ўкрыў блакіты?

Ці праз Яго, паргнаўшы ночы цені,

Нам месяц шле свой бляск несамавіты?

 

На гэтыя дзяціны шчабятанні

Адкажа маці: “Вось у кніжцы новай,

Што дам табе, на ўсе твае пытанні

Адказ заўсёды знойдзеш ты гатовы.

 

Усё Бог сатварыў сваёй магутнай сілай,

Хто ў Бога верыць, той не ашуканы

Душой я веру, бо мне верыць міла,

І верылі ж бацькі так пастаянна”.

Верш гэты вельмі вусцешыў Мітрапаліта, дый усіх прысутных. Падалося нібы сам аўтар невідочна завітаў у святыню … Пасля гэтага, завяршаючы Імшу, Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Т. Кандрусевіч удзяліў усім сваё арцыпастырскае благаслаўленне.

Перажытая ўрачыстасць прыемна ўразіла шматлікіх гасцей, прадстаўнікоў улады і прэсы. Вельмі задаволены засталіся нашчадкі В. Дуніна – Марцінкевіча па лініі дачкі Камілы – Станіслаў Плаўскі, Тадэвуш Крыжанскі і Агнешка Бжэгув, якія прыехалі з Польшчы.

Аўтар мемарыяльнай дошкі скульптар Валяр’ян Янушкевіч, адказваючы шматлікія  пытанні журналістаў між іншага сказаў: ”Знаходзячыся сёння тут, у Бабруйску, маю даволі складанае пачуванне. З аднаго боку – хвалююся, бо прадстаўляю парафіянам касцёла і ўсім бабруйчанам сваю працу. З іншага – я шчаслівы, з таго, што бяру ўдзел у гэткай эпахальнай падзеі. Хаця па ўсёй краіне у той ці іншай ступені адзначаецца 200-годдзе з дня нараджэння  Дуніна – Марцінкевіча, вельмі сімвалічна, што менавіта ў Бабруйск прыехаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Прыехаў у той горад, які перад усё звязаны з імем пачыныльніка новай беларускай літаратуры”.

4-га лютага, у 200-ты дзень нараджэння беларускага дудара, адбыліся святочныя мерапрыемствы, арганізаваныя выканаўчай ўладай г. Бабруйска і раёна. У Панюшкавічах прайшоў мітынг і ўскладанне кветак да мемарыяльнага сядзібнага каменя. А ўвечары ў тэатры адбылося творчае прадстаўленне па біяграфічных вехах і літаратурным творам пісьменніка. У гэтых святочных падзеях удзельнічалі таксама ўнучка стрыечнага брата сп. Вінцэнта Беата Хоміч з дачкой Барбарай.

Вышэйапісанымі бабруйскімі ўрачыстасцямі год Вінцэнта Дуніна – Марцінкевіча толькі распачаўся, і наперадзе яшчэ шмат сустрэч і судакрананняў з прыгожай спадчынай і асобай Вялікага Вінцэнта Беларусі.

Віктар Маліноўскі

(  газета “Наша Слова” №7(846) 13 лютага 2008 г.)