Выйшла кніга пра гісторыю касцёлаў Бабруйска

1717

У рэспубліканскім  каталіцкім  выдавецтве  “Про Хрысто” выйшла кніга  “…І будуць  расчынены  брамы” –  Гісторыя касцёлаў Бабруйска. Выданне апавядае пра каталіцкія святыні Бабруйска і гісторыю рыма-каталіцкай канфесіі ў горадзе і яго наваколлі ў кантэксце гістарычных падзей з пачатку XVII ст. да нашых дзён. Змест багатаілюстраванай кнігі, аб’ёмам 110 старонак, складаецца з чатырох   раздзелаў прысвечаных: бабруйскаму  парафіяльнаму касцёлу святых Апосталаў Пятра і Паўла; касцёлу Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі; бабруйскаму рыма-каталіцкаму дэканату  і  дзеючаму касцёлу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Выданне безганарарнае, надрукавана за сродкі   парафіян бабруйскага касцёла накладам 1000 асобнікаў. Увесь збор з яго продажу пойдзе на рамонт і ўтрыманне касцёла. Аўтар  кнігі – сябра касцёльнай парафіяльнай рады, старшыня бабруйскай суполкі  ГА “Таварыства  беларускай мовы імя Францішка Скарыны” сп. Віктар Маліноўскі. Дзякуючы мастацкаму і тэхнічнаму рэдактару выдання сп. Алегу Глекаву і мастаку Ігару Гардзіёнку кніга мае дыхтоўную вёрстку і афармленне.

Аўтар кнігі Віктар Маліноўскі

Праца В.Маліноўскага па свойму ўнікальная, бо рэдка якая праваслаўная, ці каталіцкая парафія Беларусі мае такое выданне па гісторыі сваёй канфесіі ў канкрэтным рэгіёне. Да таго ж – у гэтай кнізе аўтар ўпершыню падае разасобленую і ўдакладненую гісторыю першых каталіцкіх святыняў Бабруйска.

Дзеючы бабруйскі касцёл

Бо, неяк так сталася, што апісанне першага бабруйскага касцёла св. Ап. Пятра і Паўла, будаўніцтва якога было пачата ў 1615 годзе і які перастаў існаваць пасля панішчэння пажарам у 1885 г., у энцыклапедыях і даведніках, спрэс пераблытана з апісаннем касцёла Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі, пабудаваным у 1747 г. У асноўным гэты барочны храм, наўперака мінорным даведачным сцверджанням, хоць і моцна перабудаваны, захаваўся і з’яўляецца самым старажытным будынкам Бабруйска. Аўтар таксама вяртае з небыцця імёны шматлікіх святароў і свецкіх асобаў, якія годна неслі і захоўвалі святло веры ў Адзіную Святую Тройцу і вернасць Касцёлу на Бабруйшчыне,  пачынаючы з 1615 г.

Былы езуіцкі касцёл

Прэзентацыя  кніжнай  навінкі  адбылася ў нядзелю 8 чэрвеня, пасля святой  Імшы    на 11 гадзін, у бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Перад шматлікімі гасцямі і вернікамі выступіў пробашч парафіі ксёндз магістр Юры Быкаў, які адзначыў вартасць і значнасць выдання. Ад імя  касцёльнай парафіяльнай рады словы ўдзячнасці за вялікую працу сп. Віктару выказала аўтар гэтых радкоў. А прыканцовы выступ В. Маліноўскага быў сардэчна ўспрыняты і адудзячаны ўсімі прысутнымі.

 

Ала Грахава, парафіянка, г. Бабруйска.