25 снежня — свята Нараджэння нашага Пана Езуса Хрыста.
Святкаванне гэтай, адной з самых галоўных для хрысціян падзеі, традыцыйна распачынаецца ўвечары 24-га снежня – гэта так званы Вігілійны вечар. Уся сям’я збіраецца за святочным сталом, галоўнае блюда на якім – куцця. Перад вячэрай абавязковае дзяленне аплаткай, разам з якой складаюцца віншаванні і зычэнні.
У касцёлах увечары 24-га снежня праходзіць Святая Імша, якая завецца «пастэркай». У Бабруйску ўжо стала традыцыяй для каталіцкай моладзі ладзіць перад Пастэркай міні-спектакль паводле біблійнага сюжэту нараджэння Хрыста. Не стала выключэннем і сёлетняе Божае нараджэнне.
Свята Імша распачалася ўрачыстай працэсіяй з фігуркай немайля Езуса Хрыста, якую паклалі ў імправізаваную стаенку.
Імшу-пастэрку цэлебравалі ксёндз-пробашч Андрэй Яркавец і ксёндз-вікарый – Канстанцін Карака. Ксёндз Канстанцін зачытаў вернікам святочны зварот і віншаванні мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.
Дзве святочныя Імшы таксама прайшлі ў касцёле 25-га снежня. Падчас Імшы на 10-ю гадзіну вернікам было прадстаўлена казанне ў незвычайнай форме — тэатралізаванай пастаноўкі дзяцей і моладзі парафіі на тэму нараджэння Хрыста.
Падрабязней глядзіце ў нашым відэасюжэце.