У нашым касцёле распачалася малітоўная акцыя за хутчэйшае вяртанне гістарычнага выгляду святыні.
Па нядзелях, пасля кожнай Святой Імшы, у гэтай інтэнцыі будуць чытацца малітва да Святога Арханёла Міхаіла і тры “Вітай, Марыя…”.
Святы Арханёл Міхаіл быў некалі абраны мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам на апекуна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Арханёлу мітрапаліт прысвяціў нялёгкую працу па аднаўленні касцёла на Беларусі. Але праца гэтая не завершаная, што пацвярджае стан бабруйскага касцёла. Таму мы даручаем Арханёлу Міхаілу нашую барацьбу за аднаўленне святыні.
Маліцца ў інтэнцыі вяртання касцёла можна не толькі ў нядзелю, але і ў любы іншы час. Малітвы ніколі не бывае зашмат.
Той, хто хоча, і хто ў стане, можа ахвяраваць за наш касцёл пост на хлебе і вадзе раз на тыдзень.
Нагадаем, што мы чакаем адмысловую камісію з Магілёўскага аблвыканкама, што будзе ацэньваць бягучую сітуацыю з нашым касцёлам.
Малітва да Святога Арханёла Міхаіла:
Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Прыйдзі на дапамогу людзям, якім пагражае сіла цемры. Яны ж былі створаныя на падабенства Божае, адкупленыя праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста, Сына Божага, прызначаныя на святыню Божую, каб прабываў у іх Дух Святы.
У табе, святы Міхале, Касцёл мае свайго абаронцу і апекуна, ты вядзеш збаўленых да нябеснага шчасця. Прасі Бога аб спакоі, каб перамог уладу сатаны, сейбіта хаосу, і каб не дазволіў трымаць людзей у няволі і шкодзіць Касцёлу. Няхай Беззаганная Панна, апранутая ў сонца Каралева анёлаў, праз цябе струшчыць галаву антыхрысту і абароніць сваіх зямных дзяцей ад яго варожага ўплыву.
Святы арханёле Міхале, абаронца хвалы Найвышэйшага, занясі нашыя просьбы да Бога і выпрасі для нас Яго міласэрнасць. Беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа, будзь нам абаронаю. Князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Паспрыяй, каб мы праз усю вечнасць былі вернымі твайму закліку «Хто ж, калі не Бог!» Амэн.