Бежмаванне 11 верасня 2011 года

1766

“ О, Створца, Дух Святы – прыйдзі”!

Памятная падзея адбылася ў жыцці каталіцкай супольнасці Бабруйска 11 верасня 2011 г. У гэты дзень шматлікім вернікам рыма – каталіцкай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі была ўдзелена адна з сямі найгалоўнейшых таямніц Святога Касцёла – сакрамэнт Бежмавання.

Праз гэты сакрамэнт вернік умацоўваецца ў вызнанні веры і атрымоўвае дары Духа Святога. Для ўдзялення Бежмавання ў Бабруйск завітаў арцыбіскуп Мінска – Магілёўскай архідыяцэзіі і Апостальскі адміністратар дыяцэзіі Пінскай Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Святая імша, якую цэлебраваў Яго эксцэленцыя распачалася ў бабруйскім касцёле аб 11-й гадзіне, падчас эўхарыстыі мітрапаліту асіставалі сакратар архідыяцэзіяльнай курыі ксёндз Юры Санько і бабруйскі пробашч ксёндз Юры Быкаў.

У часе Святой імшы, пасля палымянай казані, арцыбіскуп удзяліў сакрамэнт Бежмавання 68 асобам. Па сканчэнні гэтага кранальнага ў жыцці кожнага католіка моманта ўся грамада вернікаў адспявала хрысціянскі гімн “Te Deum” (“Цябе, Бога, праслаўляем”). За дваццаць год існавання адроджанай каталіцкай парафіі ў Баруйску сакрамэнт Бежмавання удзяляўся вернікам некалькі разоў, апошні раз гэта было ў катрычніку 2006 г..

Віктар Маліноўскі, парафіянін.